24 студзеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы будзе праходзіць праект «Універсітэцкая субота». Сустрэчы адбудуцца на 4 факультэтах: факультэце эканомікі і кіравання, фізіка-тэхнічным факультэце, філалагічным факультэце і юрыдычным факультэце.
Факультэт эканомікі і кіравання падрыхтаваў мерапрыемства «Разбудзі ў сабе менеджэра!», на якім будучыя абітурыенты змогуць даведацца аб сучасных кіраўніцкіх прафесіях і паспрабаваць свае сілы. Сустрэча пройдзе па адрасе: вул. Гаспадарчая, 23, аўд. 418 у 11:40.
Майстар-клас па нямецкай мове, дзе навучэнцы школ змогуць палепшыць свае веды, пройдзе на філалагічным факультэце. Мерапрыемства адбудзецца ў анлайн-фармаце ў 13:30 і яго тэмай стане «Скланенне і ўжыванне пэўнага і нявызначанага артыкляў».
Фізіка-тэхнічны факультэт падрыхтаваў практычны занятак «Практычнае прымяненне законаў электрычных ланцугоў». Будучых абітурыентаў пазнаёмяць з вымяральнымі прыборамі, асновамі тэорыі электрычных ланцугоў, а таксама пройдзе майстар-клас у навучальнай лабараторыі «Электрычнасць і оптыка» ад вядучага інжынера-электроніка кафедры агульнай фізікі Васіля Ходара. Сустрэча адбудзецца па адрасе: вул. Паповіча, 50, аўд. 134 у 15:05.
Мерапрыемства «Знаёмства з працай юрыдычнай клінікі», арганізаванае юрыдычным факультэтам, пройдзе ў 15:00 па адрасе: зав. Даватара, 3/1, аўд. 106.
Праект «Універсітэцкая субота» дае магчымасць усім жадаючым адчуць атмасферу ўніверсітэта і студэнцкага жыцця, асабіста пагутарыць з выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама вызначыцца з будучай прафесіяй.