Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня беларускай навукі, адбылося 21 студзеня на базе Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр "Тэхналаб" у статусе навукова-тэхналагічнага парка Купалаўскага ўніверсітэта.
Семінар стаў платформай для абмену вопытам і абмеркавання актуальных пытанняў па развіцці тэхналогій і бізнесу паміж навуковай супольнасцю ўніверсітэта і прадстаўнікамі рэальнага сектара эканомікі – кіраўнікамі гродзенскіх прадпрыемстваў. Удзел у семінары прынялі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў і яго намеснік Андрэй Болтрык.
У рамках мерапрыемства працавала выстава навуковых распрацовак экспанатаў-вынікаў навуковай дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу ГрДУ імя Янкі Купалы і распрацовак рэзідэнтаў Навукова-тэхналагічнага парка Купалаўскага ўніверсітэта. Публікацыйная дзейнасць вучоных-купалаўцаў была прадстаўлена на выставе, арганізаванай навуковай бібліятэкай.
Удзельнікі семінара змаглі азнаёміцца з навуковымі распрацоўкамі інжынернага факультэта, фізіка-тэхнічнага, факультэта мастацтваў і дызайну, з лепшымі студэнцкімі бізнес-ідэямі ад цэнтра трансферу тэхналогій Купалаўскага ўніверсітэта. Так, на выставе былі прадстаўлены гібрыдныя нанакампазіцыйныя пакрыцці для металаапрацоўчай прылады і тэхналагічнага абсталявання; шматфункцыянальныя электраіскравыя пакрыцці, якія забяспечваюць павелічэнне эксплуатацыйнага рэсурсу рознага тыпу вырабаў і канструкцый; нанакампазіцыйныя графензмяшчальныя пластычныя змазачныя матэрыялы; інавацыйныя кампазітныя матэрыялы для адытыўнага прататыпіравання складаных механічных вырабаў; рэгенераваныя палімерныя матэрыялы на аснове поліалефінаў для вытворчасці вырабаў будаўнічага прызначэння «Дзюбель-цвік»; кампазіцыйныя матэрыялы для крапежных элементаў сілавых кабеляў павышанай магутнасці; сістэма кантролю якасці прадукцыі на аснове тэхналогій машыннага зроку; інтэграваная праграмна-апаратная платформа для даследавання, прататыпіравання і мадэлявання лічбавых сістэм перадачы, апрацоўкі і абмену дадзенымі; канцэпцыя смарт-інтэр'ера (на прыкладзе прыёмнага аддзялення для ўстановы аховы здароўя) і іншыя. Гэтыя распрацоўкі ўжо знайшлі сваё прымяненне і паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць.
Вітаючы ўдзельнікаў семінара, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў адзначыў, што ўсе навуковыя распрацоўкі павінны працаваць на эканоміку краіны.
Рабочая нарада працягнулася выступленнем рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка:
- Сёння мы праводзім наша мерапрыемства ў Навукова-тэхналагічным парку невыпадкова, бо менавіта тут ідэя спалучаецца з бізнесам, а інавацыйнае мысленне непарыўна звязана са стварэннем практыка-арыентаваных прадуктаў.
У сваёй прамове рэктар падзякавала старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Караева і яго намесніку Андрэю Болтрыку за ідэю правесці семінар-нараду "Ад ідэі да бізнесу" напярэдадні Дня навукі. А звяртаючыся да кіраўнікоў і намеснікаў гродзенскіх прадпрыемстваў, якія прысутнічаюць на семінары, выказала надзею на тое, што вынікі мерапрыемства прывядуць да канкрэтных дзеянняў, накіраваных на плённую сумесную дзейнасць рэальнага сектара эканомікі з універсітэтам. Затым Ірына Фёдараўна прадставіла даклад на тэму "Інавацыйная экасістэма Купалаўскага ўніверсітэта: праект "Ад ідэі да бізнесу"".
Працягнулася работа семінара выступленнем дырэктара РУП ВНВЦ "Тэхналаб" Аляксандра Васілевіча, які падзяліўся вынікамі дзейнасці і перспектывамі развіцця Навукова-тэхналагічнага парка ўніверсітэта. Сярод перспектыў развіцця былі названы пераважна супрацоўніцтва з Беларускім інавацыйным фондам, установамі вышэйшай адукацыі і навуковымі арганізацыямі; аказанне паслуг інавацыйнага сервісу; прыцягненне для фінансавання інавацыйных праектаў рэзідэнтаў тэхнапарку; прадастаўленне рэзідэнтам інфраструктуры тэхнічнай падтрымкі і іншыя.
Завяршыўся семінар выступленнем інжынера-канструктара АГК ААТ "Белкард", кіраўніка філіяла кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій інжынернага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Генадзя Касцюковіча, які расказаў аб падрыхтоўцы інжынерных кадраў для Гродзенскага рэгіёну на прыкладзе ААТ "Белкард". Сярод задач і перспектыў супрацоўніцтва ААТ "Белкард" і Купалаўскага ўніверсітэта дакладчыкам былі названы атрыманне студэнтамі рабочых прафесій у рамках вытворчых практык (з 2026 года); аснашчэнне навучальных лабараторый сучасным абсталяваннем, якое забяспечвае фарміраванне патрэбных прафесійных кампетэнцый; павышэнне аб'ёму лабараторна-практычных заняткаў, якія праводзяцца на базе прадпрыемства; выкананне гасдагаворных навукова-даследчых работ, якія забяспечваюць вырашэнне актуальных задач і праблем прадпрыемстваў Гродзенскага рэгіёну.
Семінар-нарада "Ад ідэі да бізнесу" даў удзельнікам унікальную магчымасць даведацца аб новых распрацоўках, устанавіць прафесійныя кантакты і абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва паміж навуковай супольнасцю і бізнес-асяроддзем.