З 15 снежня па 14 студзеня ў Беларусі праходзіла штогадовая навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». У час акцыі прадстаўнікі рэспубліканскіх, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх аб'яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый віншавалі выхаванцаў дзіцячых устаноў інтэрнатнага тыпу, дзяцей з прыёмных сем'яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а таксама дзяцей-інвалідаў.
Да навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» далучыліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павіншавала выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу № 5, уручыла грашовы сертыфікат ад універсітэта і персанальны падарунак кожнаму дзіцяці. Таксама Ірына Фёдараўна наведала дзіцячы садок № 78 і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 89 г. Гродна, павіншаваўшы маленькіх беларусаў.
Студэнты факультэта эканомікі і кіравання разам з Марынай Карпіцкай, старшынёй пярвічнай арганізацыі ГрДУ імя Янкі Купалы грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», павіншавалі выхаванцаў Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Таццяна Манчак, начальнік сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце; Валянціна Есіна, педагог сацыяльны 1 катэгорыі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце і валанцёры Цэнтра валанцёрскай дзейнасці наведалі дзіцячы сацыяльны пансіянат «Васількі». Акрамя таго, купалаўцы выканалі 163 лісты-пажаданні выхаванцаў пансіяната і ўручылі грашовы сертыфікат ад універсітэта.
У Купалаўскім універсітэце прайшоў традыцыйны дабрачынны калядны канцэрт, на якім усе сабраныя сродкі былі накіраваны ў Гродзенскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю.
Па выніках у Гродзенскай вобласці прайшло 196 мерапрыемстваў на абласным і раённым узроўнях, а ва ўстановах адукацыі правялі больш за 5 тысяч. Удзельнікамі сталі амаль 173 тысячы чалавек.