З 20 па 22 студзеня ў Мінску будзе праходзіць адукацыйны праект для даследчыкаў – III Школа маладога вучонага, удзельнікамі якой могуць стаць студэнты, магістранты, аспіранты, а таксама маладыя вучоныя з усёй краіны.
III Школа маладога вучонага арганізавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саветам маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі. Мэта мерапрыемства - павышэнне цікавасці да навукі сярод маладога пакалення і аказанне падтрымкі ў даследаваннях.
Праграма Школы насычаная і разнастайная. У першы дзень, 20 студзеня, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ІІІ Школы маладога вучонага, дзе з прывітальным словам выступяць Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Андрэй Іванец; рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Вадзім Богуш; старшыня Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат біялагічных навук Аляксей Рагінскі. Акрамя таго, у першы дзень пройдзе панэльная дыскусія «Будучыня навукі і тэхналогій Беларусі», дзе ўдзельнікі абмяркуюць кар'еру маладога вучонага ў сучасных рэаліях, перспектыўныя напрамкі, ролю міждысцыплінарнасці і фінансавання ў развіцці навуковай кар'еры. Таксама пройдзе сустрэча з Уладзімірам Лабуновым, навуковым кіраўніком НДЛ «Інтэграваныя мікра- і нанасістэмы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, доктарам тэхнічных навук, прафесарам, акадэмікам НАН Беларусі. Завяршэннем першага дня стане навукова-папулярны квіз «Навука без межаў».
У другі дзень, 21 студзеня, запланаваны адукацыйны модуль «Лічбавая трансфармацыя навуковай дзейнасці», у рамках якога адбудуцца семінары і лекцыя. Ірына Стралкова, загадчык кафедры тэхналогій прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт правядзе семінар «Сістэма »АНТЫПЛАГІЯТ« як інструмент ацэнкі арыгінальнасці навуковых работ: экспертны падыход». Андрэй Цыган, заснавальнік сертыфікацыйнай кампаніі «Ізі-Штандарт», эксперт у лічбавай трансфармацыі, выступіць на семінары «ШІ ў дапамогу вучоным для эканоміі часу і рэсурсаў: даследаванні, сістэматызацыя, візуалізацыя даных». Лекцыю «Сучасныя напрамкі штучнага інтэлекту» правядзе Данііл Шункевіч, загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Для ўдзельнікаў школы арганізавана сустрэча з Міхаілам Арцем'евым, загадчыкам лабараторыі нанахіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем», доктарам хімічных навук, дацэнтам. А таксама пройдзе панэльная дыскусія «Шлях да поспеху», дзе адбудзецца размова з паспяховымі беларускімі вучонымі аб шляху ў навуцы.
У апошні дзень работы ІІІ Школы маладога вучонага запланаваны адукацыйны модуль «Навуковая кар'ера», у праграму якога ўваходзіць: лекцыя намесніка Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, доктара тэхнічных навук, прафесара Дзяніса Капскага па тэме «Удасканаленне падрыхтоўкі суіскальнікаў і асноўныя праблемы дысертацыйных даследчыкаў»; семінар вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі «Матэрыялы і структуры нанаэлектронікі», доктара фізіка-матэматычных навук Яўгена Чубенкі па тэме «Этапы падрыхтоўкі і абароны дысертацыі»; семінар «Сакрэты паспяховай публікацыі і шляхі ўваходжання ў міждзяржаўныя базы даных«, які правядзе Дзмітрый Мігас, загадчык кафедры мікра- і нанаэлектронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, доктар фізіка-матэматычных навук. З удзельнікамі правядзе сустрэчу Сяргей Гапоненка, дырэктар Інстытута фізікі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі. Акрамя таго, у апошні дзень пройдзе ўрачыстае закрыццё ІІІ Школы маладога вучонага і экскурсія па лабараторыях.
Каб стаць удзельнікам, неабходна прайсці рэгістрацыю.