З 30 лістапада па 6 снежня ў рамках праграмы «Запрошаны прафесар» Купалаўскі ўніверсітэт наведала вядомы расійскі вучоны – доктар псіхалагічных навук, прафесар, загадчыца кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта Марыя Сапароўская.
Візіт быў арганізаваны факультэтам псіхалогіі для ўмацавання акадэмічнага супрацоўніцтва і павышэння якасці адукацыйнага працэсу ў рамках Стратэгіі інтэрнацыяналізацыі ўніверсітэта на 2021-2025 гады.
Праграма візіту ўключала дзелавыя і навуковыя мерапрыемствы. Адбылася сустрэча з кіраўніцтвам факультэта псіхалогіі, дзе абмеркавалі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва. Прафесар Марыя Вячаславаўна выступіла з дакладам на навуковым семінары для выкладчыкаў факультэта псіхалогіі.
Акрамя таго, Марыя Сапароўская правяла інтэнсіўны курс лекцый па дысцыпліне «Псіхалагічнае суправаджэнне дысфункцыянальных сем'яў» для студэнтаў 4 курса спецыяльнасці «Псіхалогія». Для аспірантаў і магістрантаў факультэта быў праведзены навуковы семінар, прысвечаны сучасным даследаванням у галіне псіхалогіі, у якім прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі. Для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Псіхалогія» быў праведзены семінар «Мой шлях у навуку».
Візіт Марыі Сапароўскай стаў значнай падзеяй, якая садзейнічае абмену вопытам, умацаванню міжнародных акадэмічных сувязей і даў новы імпульс для развіцця псіхалагічнай навукі ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.