20 снежня Купалаўскі ўніверсітэт расчыніць свае дзверы для ўсіх абітурыентаў, прапаноўваючы ўнікальны фармат мерапрыемства, які сумяшчае традыцыйны Дзень адчыненых дзвярэй з інавацыйным «Кірмашом мэтавай падрыхтоўкі».
Дзень адчыненых дзвярэй - гэта магчымасць не проста акунуцца ў атмасферу студэнцкага жыцця, але і атрымаць вычарпальныя адказы на пытанні з першых вуснаў, зрабіўшы па-сапраўднаму ўсвядомлены выбар. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ставіць за мэту дапамагчы абітурыентам зарыентавацца ў свеце прафесій.
Праграма Дня адчыненых дзвярэй вельмі насычаная. Абітурыентаў чакаюць прэзентацыя ўніверсітэта і выступленне рэктара Ірыны Кітуркі; прэзентацыі факультэтаў, дзе навучэнцы школ змогуць асабіста паразмаўляць з дэканамі і выкладчыкамі; дыялогавыя пляцоўкі з вядучымі працадаўцамі Гродзеншчыны аб магчымасцях мэтавага навучання і перспектывах працаўладкавання, а таксама квэст-гульня «Аперацыя «У» і іншыя прыгоды абітурыентаў у Купалаўскім універсітэце», дзе трэба выканаць заданні, праверыць сваю кемлівасць, сабраць фразу з кодавых слоў і атрымаць шанц выйграць крутыя прызы! Для ўдзелу ў квэст-гульні неабходна папярэдняя рэгістрацыя па спасылцы.
Дзень адчыненых дзвярэй будзе праходзіць з 10:00 да 13:00 па адрасе: вул. Леніна, 32. Для зручнасці і даступнасці будзе арганізавана анлайн-трансляцыя на Youtube-канале ўніверсітэта і прамы эфір у Instagram.
