З 3 па 4 снежня рабочая група Купалаўскага ўніверсітэта здзяйсняе сяброўскі візіт у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Дэлегацыю ўзначальвае прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун.
Сёння, 3 снежня, прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы праводзяць дзелавыя перагаворы з гомельскімі калегамі, засяродзіўшы ўвагу на вывучэнні навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці ГДУ імя Францыска Скарыны.
Пачаўся візіт купалаўцаў з агляднай экскурсіі: удзельнікі наведалі «Алею герояў», мемарыяльны комплекс «Слава героям-падпольшчыкам», далей экскурсія працягнулася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, дзе купалаўцы азнаёміліся з музейнай экспазіцыяй ВНУ «Гісторыя Гомельскай».
Рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Сяргей Хахомаў цёпла прывітаў дэлегацыю Купалаўскага ўніверсітэта.
У рамках насычанай праграмы прайшло пасяджэнне круглага стала прадстаўнікоў дзвюх ВНУ. З прэзентацыяй аб Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, яго гісторыі і адукацыйным патэнцыяле выступіў прарэктар па навуковай рабоце Дзмітрый Каваленка. У працы круглага стала ад ГДУ імя Францыска Скарыны прынялі ўдзел прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Нікіцюк, начальнік навукова-даследчага сектара Руслан Бародзіч і начальнік бюро стандартызацыі і метралагічнага забеспячэння Мікалай Аляшкевіч, дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Андрэй Самафалаў, загадчык кафедры оптыкі Уладзімір Гайшун, дэкан Наталля Драздова, а таксама начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Таццяна Оснач і адказная за стартап-цэнтр Кацярына Яраш.
З прэзентацыяй Купалаўскага ўніверсітэта і яго навукова-тэхнічнага патэнцыялу выступіла прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун. Яна выказала спадзяванне на плённую сумесную дзейнасць двух універсітэтаў.
Далей у ходзе рабочай паездкі купалаўцы даведаюцца аб асновах прасоўвання пазіцый універсітэта над Сожам у міжнародных рэйтынгах, пазнаёмяцца з вопытам ГДУ імя Ф.Скарыны, пагавораць аб развіцці навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, у тым ліку павышэнні публікацыйнай актыўнасці работнікаў універсітэта ў высокарэйтынгавых навуковых выданнях. Таксама ўдзельнікі сустрэчы разгледзяць асноўныя кірункі рэалізацыі экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі.
Адзначым, што рэгіянальныя ўніверсітэты ўжо з'яўляюцца свайго роду драйверамі рэгіянальнай эканомікі, прапаноўваючы канкурэнтаздольныя распрацоўкі і рашэнні.