Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы аб'яўляе аб старце 15 юбілейнага конкурсу стартапаў «ІнНаСтарт-2025». «ІнНаСтарт» – гэта пляцоўка, якая дапамагае ператварыць свае ідэі ў рэальныя праекты і развіваць іх пры падтрымцы экспертаў і універсітэта. Мерапрыемства праходзіць з 21 лістапада па 19 снежня.
Да ўдзелу запрашаюцца студэнты ўсіх факультэтаў і каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы, аўтары інавацыйных ідэй і прататыпаў, каманды і індывідуальныя распрацоўшчыкі, удзельнікі студэнцкіх навуковых аб'яднанняў, а таксама ўсе, хто хоча паспрабаваць сябе ў стартап-дзейнасці.
Конкурс уключае чатыры ключавыя намінацыі: «Інавацыйны прадукт», «Інавацыйная паслуга», «Інавацыйная тэхналогія» і намінацыя «Праект для універсітэта», накіраваны на развіццё вучэбнай, даследчай і арганізацыйнай дзейнасці ГрДУ імя Янкі Купалы.
Прэзентацыя ідэй журы і экспертам пройдзе з 8 да 12 снежня. Для таго каб прадэманстраваць сваю ідэю, неабходна да 8 снежня падаць заяўку і адправіць прэзентацыю праекта па спасылцы. Выяўленне і ўзнагароджанне лепшых праектаў пройдзе з 13 па 19 снежня.
У якасці ўзнагароды пераможцаў чакаюць перспектыўныя магчымасці прасунуць свой праект: магчымасць фінансавання для рэалізацыі праекту пры падтрымцы ўніверсітэта, удзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і суправаджэнне ў рамках «Студыі праектаў і стартапаў».
Апроч дэманстрацыі сваіх праектаў, удзельнікаў чакаюць адукацыйныя мерапрыемствы і індывідуальныя кансультацыі ад экспертаў, якія пройдуць з 21 лістапада па 8 снежня.
Запрашаем купалаўцаў прадэманстраваць свае распрацоўкі!
Па дадатковую інфармацыю можна звяртацца да Алены Апякун па тэлефоне +375 15 2395896, электроннай пошце opekoun@grsu.by або па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, кабінет 403.
