Дагавор аб стварэнні медыягруп на пляцоўцы профільных класаў падпісалі 27 лістапада ў Купалаўскім універсітэце чатыры зацікаўленыя бакі: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, КУП ТРВК «Гродна Плюс», Аддзел адукацыі Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, Сярэдняя школа № 40 імя У.І. Крамко г. Гродна.
Бакі, якія падпісалі дамову, аб'ядналі намаганні, каб навучэнцы, якія плануюць звязаць сваё жыццё з медыясферай, змаглі навучацца асновам журналістыкі і інфармацыйнай бяспекі. Гэта дазволіць маладым людзям сфарміраваць устойлівае ўяўленне пра будучую прафесію і падрыхтавацца да паступлення ў Купалаўскі ўніверсітэт, дзе вядзецца набор на спецыяльнасці «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя». Першыя медыягрупы будуць створаны ў Сярэдняй школе № 40 імя У.І. Крамко г. Гродна ўжо ў новым навучальным годзе.
– Сёння мы зрабілі значны крок. Стварэнне медыягруп дасць навучэнцам унікальную магчымасць не толькі развіваць свае творчыя здольнасці, але і рыхтавацца да прафесійнай дзейнасці ў галіне журналістыкі, – адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Да падпісання дамовы бакі дашлі з трывалым досведам сумеснай шматгадовай працы, якая дае прыкметны вынік. Так, на пляцоўцы тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс» з 2017 года паспяхова функцыянуе філіял кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Навучэнцы Сярэдняй школы № 40 імя У.І. Крамко г. Гродна актыўна паступаюць на розныя спецыяльнасці, якія прапануе Купалаўскі ўніверсітэт, што дазволіла школе па выніках уступнай кампаніі 2025 года стаць пераможцам універсітэцкага конкурсу ў намінацыі «Прарыў года». На пляцоўцы Сярэдняй школы № 40 імя У.І. Крамко г. Гродна пры падтрымцы ТРВК «Гродна Плюс» створана тэлестудыя з прафесійным абсталяваннем, дзе навучэнцы рэалізуюць свае медыяпраекты.
Устаноўленыя партнёрскія сувязі і вопыт сумеснай работы з моладдзю стануць выдатным падмуркам для новага этапа ўзаемадзеяння – арганізацыі працы медыягруп на пляцоўцы профільных класаў і іншых школ горада.