Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 22 Сакавік 2024 16:24

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшло мерапрыемства «Купалаўцы памятаюць», прысвечанае 81-годдзю Хатынскай трагедыі.

photo 5471900739149355737 yСёння, 22 сакавіка, спаўняецца 81 год з дня трагедыі ў Хатыні. У знак памяці аб загінуўшых на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга адбыўся мітынг-рэквіем, пасля чаго купалаўцы здзейснілі аўтапрабег па спаленых фашыстамі вёсках. Мерапрыемства стала адным з этапаў праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які рэалізуецца сумесна з пракуратурай Гродзенскай вобласці.

Беларуская вёска Хатынь была сцёрта з зямлі 22 сакавіка 1943 года. Разам з вёскай былі спалены або расстраляны 149 чалавек, з іх 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Менавіта Хатынь стала сімвалам найвялікшай нацыянальнай трагедыі і вечнага смутку. Жудасныя падзеі вясны 1943 года да гэтага часу болем адклікаюцца ў сэрцах беларусаў. Трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду з боку гітлераўскай Германіі.

Ушанаваць памяць ахвяр фашыстаў разам з купалаўцамі прыйшоў намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат, а таксама да мітынгу далучыліся навучэнцы профільнага класа прававой накіраванасці «Юны пракурор» сярэдняй школе №28 імя В.Д. Сакалоўскага горада Гродна. Андрэй Мікалаевіч у сваім выступленні падкрэсліў, што трагедыя Хатыні з'яўляецца напамінам аб тым, што мір і свабода – гэта асноўныя каштоўнасці беларускага грамадства і дзяржавы.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што мітынг-рэквіем у памяць аб спаленых вёсках Беларусі стаў традыцыйным мерапрыемствам і праходзіць ён у рамках акцыі «Купалаўцы памятаюць».

Сёння мы сабраліся тут, каб разам ушанаваць памяць ахвяр фашызму, каб узгадаць тых, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе за свабоду і незалежнасць. Хатынь стала сімвалам страшнай трагедыі, якая здарылася ў нашай краіне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтае месца нагадвае нам пра жорсткасць акупантаў, пра мужнасць і стойкасць нашых продкаў, – падкрэсліла Ірына Фёдараўна.

У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання гістарычнай праўды. Так, генеральная пракуратура ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Зыходзячы з усяго масіва даных устанаўліваюцца раней невядомыя факты злачынстваў і фарміруецца крымінальная справа. Падчас расследаванняў выяўляюцца сведчанні зверстваў фашысцкага рэжыму. У дадзенай працы актыўна прымаюць удзел студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.

– З 2023 года ў нашым універсітэце рэалізуецца міждысцыплінарны праект «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі» сумесна з пракуратурай Гродзенскай вобласці. Мы вывучаем архівы, аналізуем інфармацыю і праводзім даследаванні, каб раскрыць гістарычную праўду аб генацыдзе беларускага народа, які адбыўся на Гродзенскай зямлі. Наша мэта - захаваць памяць аб ахвярах і прыцягнуць увагу грамадства да гэтай важнай гістарычнай падзеі, - расказаў студэнт 1 курса факультэта гісторыі камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Расціслаў Сіроцкі.

Мітынг пачаўся апоўдні, калі купалаўцы далучыліся да Рэспубліканскай хвіліны маўчання, а пасля здзейснілі аўтапрабег па спаленых фашыстамі вёсках, каб прайсці па шляху, які прайшлі тыя, хто стаў ахвярай бесчалавечных дзеянняў акупантаў. Гэты жэст сімвалізаваў не толькі памяць аб мінулым, але і надзею на светлую будучыню, дзе такія трагедыі больш не паўторацца.

Больш за 100 купалаўцаў прынялі ўдзел у ваенна-патрыятычным аўтапрабегу. Маршрут пралягаў праз вёску Партызанская і да мемарыяльнага комплексу «Шаўлічы». У кожным з гэтых месцаў удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць тых, хто некалі пацярпеў тут ад рук фашыстаў.

Рабяты ад імя шматтысячнага калектыва Купалаўскага ўніверсітэта і ў знак памяці аб Хатынскай трагедыі ўсклалі кветкі і запалілі лампады ў памятных месцаў.