Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 11 Сакавік 2024 17:55

У Купалаўскім універсітэце адбылася сустрэча, прысвечаная міждысцыплінарнаму праекту, які праводзіцца сумесна з пракуратурай пракуратурай Гродзенскай вобласці.

IMG 6217З 2023 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы рэалізуецца міждысцыплінарны праект «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі» сумесна з пракуратурай Гродзенскай вобласці. Сёння, 11 сакавіка, на факультэце гісторыі камунікацыі і турызму адбылася сустрэча, падчас якой ішло абмеркаванне працы на найбліжэйшы год.

Ідэя запусціць гэты праект належыць пракуратуры Гродзенскай вобласці, расказаў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Далучыцца да праекту могуць студэнты ўсіх курсаў, галоўнае - жаданне і цікавасць да тэмы. Пасля самастойных даследаванняў, працы з архіўнымі дакументамі і фота немагчыма заставацца абыякавымі.

– Мінулы год быў вельмі прадуктыўным, у рамках праекту было шмат зроблена. Адбыўся шэраг круглых сталоў, была арганізавана перасоўная фотавыстава, прысвечаная пачатку Вялікай Айчыннай вайны і акупацыйнаму перыяду ў Гродзенскай вобласці. Таксама была перакладзена з англійскай мовы кніга пра ваўкавыскае гета, быў падрыхтаваны відэафільм пра дзеянні Арміі Краёвай. Але ўсё гэтак жа застаецца вялікае поле для працы, таму дзейнасць у рамках міждысцыплінарнага праекта будзе працягнутая, – расказаў Віктар Белазаровіч.

Праграма рэалізацыі праекта на 2024 год зацверджана пракурорам Гродзенскай вобласці і рэктарам Купалаўскага ўніверсітэта. І найбліжэйшая знакавая падзея – Дзень памяці ўсіх спаленых вёсак. Студэнты розных спецыяльнасцей сабраліся, каб абмеркаваць будучую дату і прапанаваць свае ідэі па рэалізацыі памятных мерапрыемстваў, у прыватнасці, у спаленай вёсцы Шаўлічы. Як расказаў Віктар Белазаровіч, запланаваны і іншыя мерапрыемствы, напрыклад, выхад у свет калектыўнай манаграфіі, прысвечанай лагерам савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, таксама запланавана адкрыццё новай выставы і выпуск відэафільма аб злачынствах калабарантаў.

Удзел у сустрэчы прыняла начальнік аддзела кадраў і ідэалагічнай работы пракуратуры Гродзенскай вобласці Юлія Савоняка, якая расказала аб тым, як на Гродзеншчыне пройдзе Дзень памяці спаленых вёсак Беларусі.

22 сакавіка ў вёсцы Шаўлічы Ваўкавыскага раёна пройдзе мітынг-рэквіем, прымеркаваны да Дня памяці спаленых вёсак. Пачнецца гэты дзень з аўтапрабегу па памятных і трагічных мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Пракуратура максімальна прыцягне да гэтага мерапрыемства навучэнскую моладзь, студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама навучэнцаў прававога класа «Юны пракурор», які быў адкрыты пад эгідай пракуратуры на базе СШ №28 горада Гродна. Сёння са студэнтамі мы таксама абмеркавалі план працы на бліжэйшы год, фарматы правядзення мерапрыемстваў, вывучалі меркаванні, – расказала Юлія Савоняка.

Плённае супрацоўніцтва студэнтаў і праваахоўных органаў адкрыла новыя гарызонты ў асвятленні няпростай тэмы генацыду беларускага народа і дало магчымасць больш актыўна прыцягваць моладзь да гэтых трагічных старонак гісторыі.