Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 22 Люты 2016 13:41

На базе ваеннага факультэта адбылося гарадское прафарыентацыйнае мерапрыемства «Ёсць такая прафесія - Радзіму абараняць»

13248 5У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 20 лютага 2016 года ў рамках Дня адчыненых дзвярэй ваеннага факультэта прайшло гарадское прафарыентацыйнае мерапрыемства «Ёсць такая прафесія - Радзіму абараняць». Удзельнікамі акцыі сталі навучэнцы школ Гродна і Гродзенскай вобласці.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся начальнік ваеннага факультэта Лявонцій Юр'евіч Паўлаў. Ён адзначыў, што падобная сустрэча з будучымі абітурыентамі з'яўляецца традыцыйнай і знаёміць дзяцей з тонкасцямі ваеннай службы.

Затым для школьнікаў і іх бацькоў правялі аглядную экскурсію. Гасцям навучальнай установы прадэманстравалі вучэбна-матэрыяльную базу ваеннага факультэта, пазнаёмілі з умовамі пражывання курсантаў, паказалі сучасныя навучальныя трэнажоры, узоры ваеннай формы адзення, тэхнікі і ўзбраення.

У рамках акцыі прадстаўнікі сямі навучальных устаноў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вайскоўцаў (а гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларуская акадэмія авіяцыі), расказалі дзецям пра парадак паступлення, колькасць бюджэтных месцаў, ільготах, прахадным бале на ваенныя спецыяльнасці і адзначылі перавагі прафесіі ваеннага.