Маладзёжны творчы конкурс Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь стартаваў 1 сакавіка. Ён прымеркаваны да Года міру і стварэння і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усяго для ўдзелу ў рэгіянальным этапе конкурсу ў пракуратуру Гродзенскай вобласці паступіла 198 работ, у тым ліку ў намінацыі «Лепшае даследаванне» - 56, «Лепшае эсэ» - 110, «Лепшы відэаролік» - 32 работы. Толькі 9 найлепшых у трох намінацыях будуць адпраўлены на рэспубліканскі этап конкурсу.
У лік лепшых увайшла Вікторыя Мордань, студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дзяўчына стала лаўрэатам у намінацыі «Лепшае эсэ».
У сваёй працы Вікторыя гаворыць аб тым, як важна зрабіць усё магчымае, каб трагедыя Вялікай Айчыннай вайны больш не паўтарылася, каб ніколі на беларускай зямлі не было фашызму і нацызму. Менавіта на падрастаючым пакаленні ляжыць адказнасць за спакой і парадак у суверэннай і незалежнай Беларусі, за нашу светлую і годную будучыню.
– Я вельмі рада, што змагла прыняць удзел у дадзеным конкурсе. Ён дапамог мне яшчэ больш даведацца аб тым, з чым сутыкнуліся нашы суайчыннікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – сказала Вікторыя Мордань. – Я шмат працавала над стварэннем свайго эсэ, і яно далося мне нялёгка. У сваёй працы я выкарыстоўвала матэрыялы, размешчаныя на сайце Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Рыхтуючыся да конкурсу, я перачытала шмат інтэрв'ю ахвяр генацыду, якія расказалі ў тым, праз што ім давялося прайсці. Таму магу сказаць з упэўненасцю, што мая праца заснавана на рэальных падзеях, – падзялілася студэнтка.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўсе прысутныя змаглі азнаёміцца з выставай, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Памятнымі дыпломамі і падарункамі ад аргкамітэта адзначаны ўдзельнікі, пераможцы і лаўрэаты конкурсу.