Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 31 Кастрычнік 2023 13:35

У Купалаўскім універсітэце адбылася ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова. Камунікацыя. Культура»

IMG 9994 2У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова. Камунікацыя. Культура», арганізаваная кафедрай перакладу і міжкультурнай камунікацыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму сумесна з філалагічным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.

У канферэнцыі анлайн і афлайн прынялі ўдзел 86 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Пакістана, у тым ліку 12 дактароў навук з вядучых беларускіх і расійскіх ВНУ.

На канферэнцыі падчас пленарнай дыскусіі і 4 секцыйных дыскусій удзельнікі абмеркавалі фундаментальныя аспекты ўзаемадзеяння мовы і культуры, экалогіі мовы, міжкультурнай камунікацыі, а таксама распрацоўкі інавацыйных перакладчыцкіх практык і практычныя аспекты лінгвістычнага забеспячэння адукацыі для ўстойлівага развіцця ў сучасных умовах.

Асноўная аналітычная работа была засяроджана на наступных напрамках: мова, літаратура, культура, кантактная варыянталогія моў, міжкультурная і кроскультурная камунікацыя, двух- і шматмоўе ў сучасным грамадстве, мовы ў адукацыі, даследаванні ў галіне перакладу, узаемадзеянне моў у практыцы брэндынгу. Асаблівую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі выклікаў круглы стол, прысвечаны вывучэнню кітайскай мовы і культуры як фактара ўстойлівага развіцця рэгіёнаў Беларусі.

Таксама ў рамках канферэнцыі адбыўся віртуальны круглы стол «Летнія школы мовы, літаратуры і культуры: вынікі і перспектывы», ініцыятарам і арганізатарам якога стаў філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. І. Лабачэўскага і Казахстанскага філіяла МДУ імя М.В. Ламаносава абмяняліся метадычным вопытам па выніках работы летніх школ беларусістыкі, русістыкі, сербістыкі, славістыкі. Суарганізатарам круглага стала ад ГрДУ імя Янкі Купалы выступіла навуковая бібліятэка. Дарэчы, дырэктар бібліятэкі Мікалай Грынько з'яўляецца каардынатарам з боку ГрДУ імя Янкі Купалы сумеснага Цэнтра беларускай мовы і культуры, які працуе на базе філалагічнага факультэта МДУ імя М.У. Ламаносава.

Для студэнтаў спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» быў арганізаваны майстар-клас «Лічбавыя тэхналогіі ў вусным перакладзе», які правяла Марыя Міхайлоўская, старшы выкладчык кафедры лінгвістыкі, перакладу і міжкультурнай камунікацыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.

Па выніках двухдзённай прадуктыўнай работы канферэнцыі яе ўдзельнікамі было прынята рашэнне аб выданні аднайменнага зборніка навуковых артыкулаў і правядзенні ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мова. Камунікацыя. Культура» у 2025 годзе.