Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 19 Верасень 2023 11:11

Купалаўцы далучыліся да святкавання Дня народнага адзінства

photo 5206429914390187591 yУ нядзелю, 17 верасня, Беларусь адзначыла адно з самых значных дзяржаўных святаў – Дзень народнага адзінства. Урачыстасці разгарнуліся па ўсёй краіне. Купалаўцы прынялі ў іх актыўны ўдзел.

Прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці адправіліся ў Мінск, каб адзначыць гэту значную падзею. Канешне, святочная атмасфера ахапіла і Гродна. Купалаўцы разам з гродзенцамі і гасцямі горада адзначылі свята.

Курсанты і выкладчыкі ваеннага факультэта сталі актыўнымі ўдзельнікамі велапрабегу, прысвечанага Дню народнага адзінства. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання палкоўнік Уладзімір Белы, прадстаўнікі камандавання, ваеннаслужачыя 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай і 557-й інжынернай брыгад, 74-га асобнага палка сувязі ЗАК, ветэраны воінскіх часцей, актывісты Беларускага саюза сем'яў.

Велапрабег завяршыўся ля падножжа Кургана Славы, дзе яго ўдзельнікі правялі мітынг і ўсклалі гірлянду і кветкі да Вечнага агню. Памяць загінуўшых абаронцаў Айчыны ўшанавалі хвілінай маўчання.

Напярэдадні свята Дня народнага адзінства ў Лідзе прайшла дыялогавая пляцоўка ў рамках рэспубліканскай грамадска-палітычнай акцыі «Беларусь адзіная». У Палацы культуры прысутнічалі беларускія палітолагі, эксперты, аўтарытэтныя прадстаўнікі і медыйныя асобы кіроўных галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Прадстаўнікі Ваўкавыскага каледжа ў складзе дэлегацыі Ваўкавыскага раёна абмеркавалі з актывам раёнаў ключавыя дасягненні краіны за гады незалежнасці. У ходзе абмеркавання былі закрануты тэмы патрыятычных каштоўнасцей беларускага народа, нацыянальнай ідэі беларускай дзяржавы і гістарычнага шляху развіцця, грамадскага запыту на партыйнае будаўніцтва на сучасным этапе.

Таксама навучэнцы і выкладчыкі Ваўкавыскага каледжа напярэдадні Дня народнага адзінства сумесна з грамадскімі аб'яднаннямі «Белая Русь» і «БРСМ» прынялі ўдзел у велапрабегу па маршруце Сквер памяці - урочышча Парахаўня - ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна.

Навучэнцы Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы далучыліся да Рэспубліканскай АРТ-ініцыятывы «Беларусы Мы», прымеркаванай да святкавання Дня народнага адзінства Рэспублікі Беларусь. Ініцыятарам праекту з'яўляецца Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

І гэта далёка не ўвесь спіс мерапрыемстваў! Супрацоўнікі і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы трапятліва шануюць мінулае і сучаснасць нашай краіны, што дазволяць паспяхова будаваць агульную будучыню.