Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 17 Люты 2016 12:42

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы атрымалі перамогу ў конкурсе на лепшы прафсаюзны моладзевы праект

13181 2У Гродзенскім абласным аб'яднанні прафсаюзаў 11 лютага 2016 года адбылася абарона маладзёжных праектаў. Свае распрацоўкі на конкурсе прадставілі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Удзельнікі прэзентавалі разнапланавыя праекты, арыентаваныя на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, развіццё валанцёрскай і дабрачыннай дзейнасці, арганізацыю сістэмнай падтрымкі студэнтаў-спартсменаў і актывістаў падчас выступаў і спаборніцтваў.

Ацэньвалі прапановы студэнтаў ВНУ і навучэнцаў ССНУ прадстаўнікі першасных прафсаюзных арганізацый  Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Па выніках абароны судзейская калегія выбрала трох пераможцаў. Сярод іх купалаўцы: студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта Таццяна Ільютчык, якая прадставіла праект «Настаўнік - NEW» (кіраўнік - дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце педагагічнага факультэта Алена Мікалаеўна Лапкоўская), і студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта Юлія Сільвановіч, якая выступіла з праектам «Беларусь хлебасольная» (кіраўнік - старшы выкладчык кафедры міжнароднага права, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта Алена Станіславаўна Корнева).

Таксама ў лік пераможцаў увайшлі навучэнцы Лідскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя Ілля Жылюк і Максім Адамовіч з праектам «Гэта твой выбар».

Рашэннем Прэзідыўма абласнога камітэта прафсаюза будуць выдзелены фінансавыя сродкі для рэалізацыі і развіцця праектаў.