Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 14 Жнівень 2023 11:18

Дзённік валанцёра: купалаўцы завяршылі працу на II гульнях краін СНД

IMG 4b95cf07b0dd811f30773feebf34af5f V13 жніўня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання чэмпіёнаў і прызёраў II гульняў краін СНД па хакеі на траве.

 На працягу дзесяці дзён атлеты з больш чым дваццаці краін разыгралі ўзнагароды ў дваццаці відах спорту. Спартыўныя спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы і хакеі на траве 5*5, якія праходзілі ў Гродне, апраўдалі чаканні як нашых валанцёраў, так і ўсіх удзельнікаў, гасцей і арганізатараў урачыстасці спорту.

II Гульні краін СНД-гэта сапраўднае свята і выдатны вопыт правядзення буйнамаштабных спартыўных спаборніцтваў у нашай краіне.

Крэатыўнымі, яркімі, добразычлівымі і энергічнымі – менавіта такімі запомняць валанцёраў-купалаўцаў гледачы і спартсмены II гульняў краін СНД у Гродне. Нашы хлопцы цалкам пагрузіліся ў спаборніцтвы і змаглі зрабіць іх незабыўнымі для ўсіх!

Карына Бурлакова, студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, валанцёр:

–Уражанні проста неверагодныя! Падчас спаборніцтваў атрымала шмат адрэналіну. Падабалася праца з людзьмі. З гэтым звязана мая прафесія, і падчас валанцёрства я атрымала дадатковыя кампетэнцыі. У прэс-цэнтры, дапамагала журналістам зарыентавацца на аб'екце спаборніцтваў, назірала за іх працай, набралася вопыту. Выступаючы ў ролі перакладчыка, навучылася працаваць аператыўна. Падчас працы на інфармацыйнай стойцы, распавядала людзям пра славутасці нашага горада, і чула ў адказ іх захопленыя водгукі, – эмацыйна падзялілася дзяўчына.

Ксенія Літоўчык, студэнтка філалагічнага факультэта, валанцёр:

– Я суправаджала спартсменаў-цяжкаатлетаў з В'етнама. За дні, праведзеныя ў Гродне, мы па-сапраўднаму пасябравалі. Іх узнагарода - два срэбра і бронза! Пасля завяршэння выступленняў у хлопцаў было некалькі свабодных дзён да вылету на радзіму, і яны правялі іх разам з в'етнамцамі, якія даўно размясціліся і жывуць у Гродне. Якія ж яны дружныя! І гасцінныя, як мы, беларусы. Мы разам гулялі па горадзе, глядзелі славутасці, нават ездзілі ў госці на дачу да в'етнамскай сям'і, якая жыве тут ужо не адно дзесяцігоддзе. Хлопцы засталіся ў захапленні ад нашага горада, ад Беларусі, - распавяла Ксенія.

ДАВЕДКА: У выніку II Гульняў краін СНД Беларусь заваявала 236 медалёў (48 залатых, 78 сярэбраных, 110 бронзавых), заняўшы другое месца ў агульным заліку. На першым - Расія, якая заваявала 288 узнагарод (149, 89, 50). На трэцім месцы размясціўся Узбекістан - у яго 105 медалёў (28, 25, 52).

Мы дзякуем нашым валанцёрам за якасна праведзеную працу, за высокі прафесіяналізм і працавітасць!