Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 09 Жнівень 2023 12:00

У Купалаўскім універсітэце працягваюцца заняткі ў Летняй школе беларускай мовы і культуры

IMG 9048З 4 па 16 жніўня ў Купалаўскім універсітэце працуе Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» для замежных слухачоў.

Адказны арганізатар – дырэктар Навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько расказаў аб тым, што ўпершыню Летняя школа беларускай мовы і культуры была арганізавана ў 2019 годзе і стала вынікам сумеснай працы філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы з МДУ імя М.В. Ламаносава. Так, удзельнікамі школы сталі пераможцы конкурсу «Пазнай Беларусь з намі», які праводзіцца Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і культуры на філалагічным факультэце МДУ імя М.В. Ламаносава. Пераможцы конкурсу за кошт Купалаўскага ўніверсітэта праходзяць навучанне ў школе беларускай мовы і культуры.

Аляксандр Курэк, студэнт Гейдэльбергскага ўніверсітэта – другі раз удзельчае ў праекце «Пад светлым іменем Купалы»:

Мяне вельмі ўразіла гісторыя Беларусі, і я хачу не толькі глыбей пазнаць культурныя асаблівасці народа, але і больш дасканала вывучыць мову, − адзначыў Аляксандр.

Гэты праект дапамагае нам, замежным студэнтам, пагрузіцца ў культурнае асяроддзе Беларусі. Летняя школа беларускай мовы і культуры дае магчымасць атрымліваць новыя веды аб традыцыях і фальклоры беларускага народа. Экскурсіі, майстар-класы, заняткі − усё гэта з'яўляецца добрым спосабам паглыблення ў культуру Беларусі, − адзначыла Дар’я Гальцова, выкладчык Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельніца Летняй школы беларускай мовы.

Экскурсіі ў музеі і вандроўкі па гістарычных мясцінах Гродна і Беларусі сталі добрай традыцыяй Летняй школы беларускай мовы. Замежныя госці ўжо наведалі Гродзенскую абласную бібліятэку імя Я.Ф. Карскага, музеі Максіма Багдановіча і Элізы Ажэшкі. Таксама дружным гуртам шпацыравалі па Каложскім парку, а ў межах праграмы выхаднога дня наведалі Парэчча. На гэтым тыдні ўдзельнкі школы пабачаць новыя мястэчкі і гарады Беларусі − Навагрудак, Завоссе, Астрына, Васілішкі, Мажэйкава, Шчучын.

Я вывучаю розныя мовы, напрыклад, ангельскую, нямецкую, лацінскую і старажытнагрэчаскую. Мне падабаецца лінгвістыка, і вывучэнне беларускай мовы не з’яўляецца выключэннем, − расказаў Петр Фядосаў, студэнт філалагічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава.

Нагадаем, у гэтым годзе вывучаць беларускую мову будуць прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Гейдэльбергскага ўніверсітэта, Інстытута рускай мовы і культуры, Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта і замежныя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.

Ужо 16 жніўня Летняя школа беларускай мовы і культуры ўручыць сертыфікаты навучэнцам аб заканчэнні дадзенага адукацыйнага праекта. Арганізатарамі праекта з’яўляюцца Навуковая бібліятэка і філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.