Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 28 Ліпень 2023 09:10

На ваенным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта завяршыўся прыём дакументаў

IMG 5506Сёння, 27 ліпеня, у 18.00 завяршыўся прыём дакументаў на ваенны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Факультэт ажыццяўляе набор на спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)», «Тылавое забеспячэнне войскаў (гаруча-змазвальнымі матэрыяламі)», «Тылавое забеспячэнне войскаў (харчаваннем)» і «Фізічная культура».

У гэтым годзе план набору на спецыяльнасць «Фізічная культура" складае 5 чалавек, на спецыяльнасць «Тылавое забеспячэнне войскаў» - 46 чалавек. На 51 месца прэтэндуюць 61 чалавек, з іх 6 - без уступных іспытаў. Як адзначыла адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Карлюкова, сёлета ўпершыню ажыццяўляецца набор на спецыяльнасць «Тыловае забеспячэнне войскаў (гаруча-змазачнымі матэрыяламі)», конкурс на якую склаў 1,09. Другі год ваенны факультэт ажыццяўляе набор дзяўчат. Найбольшы конкурс атрымаўся на спецыяльнасць «Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю) (асобы жаночага полу)» - 2. Тут жа і адзначаны высокі прахадны бал - 345.

Падаваць дакументы прыходзяць матываваныя і рознабаковыя абітурыенты, якія гатовы да праходжання ваеннай службы. У многім гэтаму садзейнічае прадуманая і планамерная прафарыентацыйная работа. На факультэце праходзяць дні адчыненых дзвярэй, нашы супрацоўнікі і курсанты выязджаюць у школы, кадэцкія вучылішчы і воінскія часці, - распавёў начальнік ваеннага факультэта Аляксандр Юнец.

З заўтрашняга дня 6 абітурыентаў ваеннага факультэта, якія выбралі спецыяльнасць «Фізічная культура», будуць здаваць унутраны экзамен. Заўважым, што ўнутраны іспыт - гэта не апошняя прыступка на шляхі атрымання пагонаў курсантаў. З 1 па 31 жніўня ўсе навабранцы пройдуць пачатковую прафесійную падрыхтоўку. Першыя 10 дзён курсанты будуць знаходзіцца на тэрыторыі факультэта, а з 12 жніўня іх чакае палявое жыццё, дзе яны будуць атрымліваць базавыя веды па агнявой падрыхтоўцы, ваенна-інжынернай, ваеннай тапаграфіі, а таксама тактычнай падрыхтоўцы. Завершыцца падрыхтоўка марш-кідком, пасля якога курсанты атрымаюць запаветныя пагоны.