Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 26 Ліпень 2023 08:52

У ГрДУ імя Янкі Купалы завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання

IMG 504425 ліпеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы завяршыўся прыём дакументаў на атрыманне агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Да канца дзевятага дня працы прыёмнай камісіі ў Купалаўскі ўніверсітэт дакументы падалі 2513 абітурыентаў, з іх на дзённую форму атрымання вышэйшай адукацыі – 1863; на завочную і завочную скарочаную - 634, звыш лічбаў прыёму - 16. На 1166 бюджэтных месцаў прэтэндуюць 2204 абітурыентаў.

У гэтым годзе ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляе набор на 53 спецыяльнасці. План набору складае 2358 месцаў, з іх 1166 - на бюджэтную форму і 1192 - на платнай аснове.

З усіх абітурыентаў, якія падалі дакументы ў ГрДУ імя Янкі Купалы на працягу першых васьмі дзён уступнай кампаніі, 290 маюць магчымасць стаць студэнтамі без уступных іспытаў, 29 паступаюць па-за конкурсам.

567 абітурыентаў маюць агульную суму балаў 300 і вышэй. Найбольшую суму балаў (391) мае Сышчанка Аліна. Абітурыентка спыніла свой выбар на спецыяльнасці "Міжнароднае права" па першым прыярытэце юрыдычнага факультэта. Адзначым таксама, што Аліна мае два 100-бальныя сертыфікаты: па грамадазнаўстве і па замежнай (нямецкай) мове.

У ліку будучых студэнтаў нашага універсітэта пераможцы розных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд: 3 - пераможцы рэспубліканскай алімпіяды, 10 - пераможцы III (абласнога) этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 1 - пераможца Міжнароднай еўрапейскай алімпіяды па матэматыцы сярод дзяўчат.

28 ліпеня ў 18:30 у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе пасяджэнне прыёмнай камісіі, падчас якога адбудзецца залічэнне абітурыентаў у лік студэнтаў па спецыяльнасцях (групах спецыяльнасцяў) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (па трох сертыфікатах ЦТ або ЦЭ) і абітурыентаў ваеннага факультэта. . Інфармаванне аб выніках залічэння абітурыентаў будзе размешчана ў Лічбавым кабінеце абітурыента.

Праца прыёмнай камісіі ў ГрДУ імя Янкі Купалы працягнецца па 9 жніўня для абітурыентаў, якія жадаюць вучыцца на платнай аснове.

Унутраныя ўступныя іспыты будуць праводзіцца згодна з раскладам у перыяд з 26 ліпеня па 2 жніўня, інфармацыя аб даце і часе яўкі абітурыента на экзамен прадстаўлена ў яго Лічбавым кабінеце. Іншагароднім абітурыентам універсітэт дае магчымасць засяліцца на час здачы экзаменаў у інтэрнат.

Арганізавана дыстанцыйнае кансультаванне абітурыентаў і іх бацькоў, у тым ліку відэакансультацыя аб парадку правядзення ўступных іспытаў даступна на сайце www.abit.by.

Падрабязную інфармацыю аб ходзе прыёмнай кампаніі (у тым ліку праграмы ўступных іспытаў), прапанаваных спецыяльнасцях, тэрмінах падачы дакументаў і правядзення ўступных іспытаў можна даведацца на сайце www.abit.by, а таксама ў пункце працы прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па адрасе: вул. Леніна, 32; а таксама па тэлефонах:

+375 (152) 67-01-01 (шматканальны),

МТС +375 (33) 35 44 500,

Life +375 (22) 77 44 500