Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 15 Люты 2016 16:41

Вызначаны прызёры і пераможцы спаборніцтваў па плаванні сярод супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы

13166 8У пятніцу, 12 лютага 2016 года, прайшлі спаборніцтвы па плаванні ў рамках агульнауніверсітэцкай спартакіяды «Маё здароўе - у маіх руках» сярод работнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел пяць каманд, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі структурных падраздзяленняў універсітэта, рэктарата і супрацоўнікі факультэтаў. На турніры работнікі ВНУ праплылі эстафету адлегласцю ў 50 м вольным стылем.

Па выніках спаборніцтваў трэцяе месца заняла каманда рэктарата. Другой на спаборніцтвах стала каманда, якая складаецца з прадстаўнікоў факультэта эканомікі і кіравання, факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, філалагічнага і ваеннага факультэтаў. Пераможцам турніру была прызнана зборная каманда факультэта фізічнай культуры, педагагічнага і інжынерна-будаўнічага факультэтаў.

Акрамя таго, на спаборніцтвах былі вызначаны прызёры і пераможцы ў асабістым першынстве.

Сярод мужчын перамогу атрымаў загадчык кафедры спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры Віталій Уладзіміравіч Храмаў. Другое месца заняў загадчык лабараторыі кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Валерый Генадзьевіч Сарокін, трэцяе - старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права і працэсу юрыдычнага факультэта Дзмітрый Аляксандравіч Кудзель.

Сярод жанчын лепшай была прызнана старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры Вольга Віктараўна Паўлюць. Другой на спаборніцтвах стала сакратар дэканата факультэта эканомікі і кіравання Алена Аляксандраўна Філіпава, трэцяй - старшы выкладчык кафедры спартыўных гульняў факультэта фізічнай культуры Наталля Анатольеўна Мікітчук.

Спартакіяда «Маё здароўе – ў маіх руках» будзе доўжыцца да 19 лютага. Супрацоўнікам ВНУ трэба будзе спаборнічаць у турнірах па валейболе і міні-футболе.