Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 25 Май 2023 09:19

У ГрДУ імя Янкі Купалы вызначылі пераможцаў XXIII алімпіяды Школы дакладных навук па матэматыцы

IMG 9077Інтэлектуальнае спаборніцтва праходзіла сярод вучняў 4-9 класаў. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Купалаўскім універсітэце 20 мая.

Пераможцаў і прызёраў алімпіяды прывіталі начальнік Цэнтра развіцця кар'еры Ірына Карлюкова і намеснік дэкана факультэта матэматыкі і інфарматыкі Таццяна Ванькова.

Купалаўцы павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак з паспяховым выступленнем на алімпіядзе і пажадалі ім новых поспехаў. Ва ўзнагароджанні прыняў удзел выпускнік Школы дакладных навук, студэнт 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўген Занеўскі.

У ліку ўзнагароджаных - 181 чалавек. Дыпломы I ступені атрымалі 14 удзельнікаў, II ступені - 32, III ступені - 98, пахвальнымі водгукамі ўзнагароджаны 37 навучэнцаў. Усяго ў XXIII алімпіядзе Школы дакладных навук па матэматыцы сярод навучэнцаў 4-9 класаў прынялі ўдзел 492 навучэнцы школ Гродзенскай, Мінскай, Брэсцкай абласцей і горада Мінска.

Больш за ўсё дыпломаў заваявалі навучэнцы гімназіі №1 горада Ліда, гімназіі №3 імя А.І. Соламавай горада Гродна і гімназіі №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага горада Гродна.

Арганізатары алімпіяды – навучальны цэнтр “Школа дакладных навук” факультэта матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта.

Дарэчы, падрабязную інфармацыю аб магчымасцях навучання на курсах навучальнага цэнтра «Школа дакладных навук» можна знайсці на сайце math.grsu.by, там жа можна падаць заяўку на навучанне ў 2023/2024 навучальным годзе.