Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Сакавік 2023 16:45

Купалаўцы прынялі ўдзел у абласной акцыі «Памяць. Мір. Стварэнне»

image 2023 03 16 10 43 22 2Акцыя прайшла ўпершыню і была прымеркавана да святкавання Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства пачалося каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера. Ва ўрачыстай абстаноўцы ад Вечнага агню ветэраны і моладзь запалілі паходню як сімвал памяці, які быў дастаўлены да Новага замка, дзе старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік запаліў ад яго спецыяльную чару.

 

Полымя стала сімвалам стварэння і азнаменавала пачатак добраўпарадкавання тэрыторыі Новага замка. Да акцыі далучыліся і купалаўцы: студэнтка 3 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Віялета Шаблінская і рота ганаровай варты, у якой састаяць курсанты Купалаўскага ўніверсітэта.

Акцыя пройдзе ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці, першым яе прыме Навагрудскі раён. Таксама на тэрыторыі Новага замка ўдзельнікі мерапрыемства разам са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Каранікам высадзілі дрэва як сімвал імкнення да міру і стварэння.

Віялета Шаблінская прызналася, што адчула асаблівую адказнасць за будучыню краіны, бо перад цяперашнім пакаленнем стаіць вельмі важная задача: зрабіць усё, каб зберагчы мір на роднай зямлі.

- Мы народ, які жыве пад мірным небам, захоўвае свае традыцыі, і мы павінны гэтым ганарыцца, - падзялілася Віялета Шаблінская.