Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 01 Люты 2023 09:07

У Купалаўскім універсітэце прайшоў рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен

ceУ гэтую суботу на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбыўся рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен. Усяго ў Гродзенскай вобласці быў сфарміраваны 21 пункт для правядзення ЦЭ.

Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен прайшоў на базе Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама ў карпусах па адрасах: завулак Даватара, 3/1, вуліца Захарава, 32, вуліца Кастрычніцкая, 5. Пры сабе кожны навучэнец павінен мець толькі дакумент, які пацвярджае асобу, і пропуск. Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамена была максімальна набліжана да самога экзамена, які выпускнікі здадуць ужо зусім хутка.

Па словах першага прарэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандра Карэўскага, Купалаўскі ўніверсітэт прыняў адзінаццацікласнікаў з устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна. Усяго на базе ўніверсітэта рэпетыцыйны цэнтралізаваны іспыт здалі больш за 1 400 чалавек па 9 вучэбных прадметах.

Для таго, каб і для педагогаў не было сюрпрызаў пры правядзенні цэнтралізаванага іспыту, Купалаўскі ўніверсітэт арганізаваў навучальны семінар для тых, хто будзе задзейнічаны ў правядзенні рэпетыцыйнага іспыту. А вопыт у гэтай справе ў купалаўцаў ёсць, бо ўніверсітэт ужо шмат гадоў прымае ўдзел у правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання.

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык, у Гродзенскай вобласці рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен здалі больш як 5 800 чалавек. 91 навучэнец не змог прыбыць на пробны экзамен. 67 - па ўважлівай прычыне. Гэта хвароба, пераезд у іншы рэгіён, аздараўленне, навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, неадкладныя сямейныя справы. Аднаму дзіцяці стала дрэнна перад пачаткам іспыту. Менавіта таму заўсёды планава закладваюцца рэзервовыя даты для здачы іспыту.

Нагадаем, у 2023 годзе цэнтралізаваны іспыт па прадметах "Руская мова" і "Беларуская мова" пройдзе 14 мая. Прадмет па выбары выпускнікі будуць здаваць 21 мая. Пры гэтым вызначыцца, па якіх прадметах здаваць ЦЭ, выпускнікі павінны да 1 сакавіка. Змяніць рашэнне можна, але толькі да заканчэння тэрмінаў рэгістрацыі. Рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен будзе праходзіць з 1 па 20 красавіка.