Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 19 Снежань 2022 14:08

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў семінар, прысвечаны 100-годдзю ўтварэння СССР

image 15 12 22 11 10 6На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбыўся студэнцкі навукова-практычны семінар "Савецкае мінулае: паміж успамінам і гістарычнай рэканструкцыяй", прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння СССР.

Семінар быў арганізаваны ўдзельнікамі студэнцкага навуковага гуртка "Гістарычная майстэрня" кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі. Адкрыў яго дэкан факультэта гісторыі камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Ён адзначыў важнасць мерапрыемства, падкрэсліўшы значнасць тэарэтычнага асэнсавання савецкай гісторыі, усебаковага вывучэння станаўлення і развіцця савецкай дзяржаўнасці, прычын і наступстваў распаду Савецкага Саюза.

Мадэратар семінара дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Наталля Казлоўская ў сваім выступленні акцэнтавала ўвагу на дасягненнях сучаснай гістарыяграфіі ў вывучэнні савецкай мінуўшчыны, тэматычнай разнастайнасці разгляданых пытанняў, дамінаванні сюжэтаў па сацыяльнай гісторыі, гісторыі савецкай штодзённасці і паўся.

Выступленні ўдзельнікаў семінара адрозніваліся тэматычнай разнастайнасцю і шматпланавасцю. Былі прадстаўлены вынікі пілатажнага анкетнага апытання па ацэнцы рэспандэнтамі падзей савецкай гісторыі, даследаваннем займаўся студэнт 3 курса Андрэй Кручкоўскі.

Пытанні медыйнага канструявання і прэзентацыі савецкай рэчаіснасці на прыкладзе штотыднёвага ілюстраванага часопіса “Огонек” былі асветлены ў выступах студэнткі 2 курса Вольгі Мікуцкай і студэнта 1 курса Канстанціна Жукоўскага. Даклад студэнткі 4 курса Ірыны Савельевай быў прысвечаны асобным аспектам тапанімічнай палітыкі савецкай дзяржавы. Паўсядзённыя практыкі савецкага чалавека ва ўмовах дэфіцыту былі разгляданы ў выступах студэнта 4 курса Дзмітрыя Богдана і студэнткі 2 курса Дзіяны Якімовіч.

Студэнты 2 курса Назрын Салехава і Ксенія Качан, а таксама студэнты 3 курса Ягор Размысл і Яўген Мацута падрыхтавалі паведамленні, якія былі прысвечаны гісторыі святкавання Новага года, гісторыі савецкай навагодняй цацкі і навагодняй паштоўкі, асаблівага значэння апошняй у перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Выступленні ўдзельнікаў семінара прадэманстравалі перспектыўнасць міждысцыплінарных падыходаў у вывучэнні савецкай гісторыі і выклікалі непадробную цікавасць у аўдыторыі.