Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 19 Снежань 2022 10:27

Дыялогавая пляцоўка з удзелам палітычнага аглядальніка тэлеканала АНТ Ігара Тура з моладдзю Гродзеншчыны адбылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

IMG 3776Мерапрыемства, накіраванае на патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу 13 снежня 2022 года.

На сустрэчы прысутнічалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, намеснік начальніка УАПП МГБ УУС Аляксандр Гележа, старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Сяргей Крупіца, а таксама прарэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько.

Пытанні госцю маглі задаць прадстаўнікі ваенна-патрыятычных клубаў, маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, а таксама студэнты Купалаўскага ўніверсітэта.

У прывітальнай прамове да аўдыторыі Ігар Тур расказаў пра сябе, падзяліўся сваім бачаннем працы з сучаснай моладдзю і выказаў надзею на вострыя пытанні прысутных.

- Самае галоўнае, на мой погляд, для дзяржавы - гэта тое, што нам патрэбна розная моладзь, і хуліганы ў тым ліку. З такімі хлопцамі мы, трэба прызнаць, неяк пабойваліся працаваць, бо ўсім зручней, калі дзеці паслухмяныя. Але, паводле маіх назіранняў, большасць людзей, якія чагосьці дамагаюцца ў жыцці, у дзяцінстве былі хуліганамі. Таму мой пасыл: калі вы хочаце хуліганіць, хуліганце ў патрэбным дзяржаве напрамку, а дарослыя не павінны гэтаму перашкаджаць, - адзначыў аўтар праграмы «Прапаганда» на тэлеканале ОНТ Ігар Тур.

Госць са сталіцы адразу абазначыў: сустрэча не павінна ператварыцца ў маналог, увесь яе сэнс - у зададзеных пытаннях. Удзельнікі адкрытага дыялогу задалі спікеру нямала пытанняў, якія датычыліся палітыкі, работы з інфармацыяй, работы з дзецьмі, маральных каштоўнасцей і іншых. Так, па просьбе аўдыторыі Ігар Тур распавёў пра этапы стварэння праграмы «Прапаганда», пра тое, як і колькі чалавек працуе разам з ім пры падрыхтоўцы выпуску, пра адрозненні ў працы журналіста і прапагандыста, пра тое, чаму ён стаў палітычным аглядальнікам. Таксама спікер падзяліўся меркаваннем наконт дзейнасці незалежных СМІ і аб недахопах у грамадстве.

Студэнты не ўпусцілі магчымасці пацікавіцца ў Ігара Тура, як журналіста, які суправаджае Прэзідэнта РБ, асабістымі якасцямі Аляксандра Рыгоравіча.

Дыскусійная пляцоўка працавала каля дзвюх гадзін. Ігар Тур, як заўсёды, быў эмацыйны, зносіны атрымаліся жывымі і цікавымі. А тыя пытанні, якія не паспелі прагучаць на сустрэчы, госць прапанаваў задаць яму ў любых сацыяльных сетках.

Сустрэча скончылася памятным фота.

У гэты ж дзень у холе другога паверха ўніверсітэта адбылася выстава-прэзентацыя ваенна-патрыятычных клубаў і ўзбраення АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама.