Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 19 Снежань 2022 08:54

У Купалаўскім універсітэце загучала шматгалоссе нацыянальных культур

IMG 3972Азербайджан, Ірак, Кітай, В'етнам, Казахстан... Сотні замежных студэнтаў з 10 краін свету ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы аб'яднала творчая гасцёўня "Беларусь - скрыжаванне нацыянальных культур".

  

У гэтым годзе ўдзел у шматнацыянальным культурным дыялогу прынялі прадстаўнікі 13 універсітэтаў Беларусі, Расіі і Узбекістана. У іх ліку Ташкенцкі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт, Валгаградскі дзяржаўны ўніверсітэт, Какандскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Мукімі.

Страт культурнай інтэрнацыянальнай падзеі дала рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка:

- Беларусь - гэта ўнікальная краіна. Гэта гасцёўня, дом для многіх нацыянальнасцяў. Мы цэнім шматграннасць, шматнацыянальнасць, полікультурнасць нашай краіны. Задача нашага ўніверсітэта, як і ўсёй Рэспублікі Беларусь, – зрабіць так, каб студэнты, якія прыязджаюць да нас на навучанне, адчувалі сябе тут, як дома. І калі яны з'едуць дадому, каб у сваім сэрцы павезлі кавалачак Беларусі.

Праграма творчай гасцёўні насычаная. Увесь дзень таленты, культуру і традыцыі сваіх краін дзеці дэманстравалі ў розных конкурсах і спаборніцтвах. А яшчэ - знаёміліся, размаўлялі, цікава і весела праводзілі час, абменьваліся ўражаннямі. Некаторыя ведаюць Беларусь даўно, а нехта толькі пачынае адкрываць для сябе яе прыгажосці.

Умідбек Ёкубжанаў, студэнт юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы (Узбекістан):

- Я ў Беларусі ўпершыню і прыехаў некалькі месяцаў таму. Галоўнае, што мяне ўразіла - гэта людзі. Такіх добрых людзей я не сустракаў нідзе. А яшчэ ў вас вельмі цікавая гісторыя і прыгожы горад. Мае любімыя месцы тут - старадаўняя вуліца Савецкая і набярэжная з двума Замкамі.

Веды і інтэлектуальныя магчымасці студэнты прадэманстравалі ў брэйн-рынгу. Удзельнікі прызналіся, рыхтавацца да гульні прыйшлося сур'ёзна і ўзмоцнена. Пытанняў шмат і розныя - аб гісторыі, рэлігійных традыцыях, нацыянальных героях.

Змагаліся не толькі ў інтэлектуальных турнірах - раскрывалі і творчы нацыянальны каларыт. Адной з найбольш маляўнічых інтэрактыўных пляцовак стаў круглы стол "Эвалюцыя нацыянальнага касцюма". Тут замежныя студэнты не толькі расказалі пра нацыянальнае адзенне, але і прадэманстравалі яго ў непаўторнай разнастайнасці.

Алонса Хасэ Сэспэрэ Савала студэнт юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы (Венесуэла):

– Я прадстаўляю нацыянальны венесуэльскі гарнітур, які называецца «Лікві лікві». У нас шмат версій гэтага касцюма - у кожным рэгіёне Венесуэлы свой варыянт. Я хачу паказаць самую папулярную і апошнюю мадэль. І буду рады пазнаёміць беларускіх студэнтаў з часцінкай культуры сваёй краіны.

Магчымасцяў праявіць таленты ў творчай гасцёўні шмат. Так, на конкурсе чытальнікаў "Мой родны кут, як ты мне мілы" вершы класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа меладычна загучалі з англійскім, французскім і кітайскім акцэнтам. Яркім фіналам падзеі стаў канцэрт "Шматгалоссе нацыянальных культур".

Даведка:

Упершыню такая міжнацыянальная студэнцкая сустрэча прайшла ў 2017 годзе ў рамках Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў "F.-ART.by". Тады ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі трох гродзенскіх ВНУ і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З гадамі геаграфія падзеі пашырылася. Цяпер творчая гасцёўня стала міжнароднай. Паразмаўляць, падзяліцца традыцыямі з задавальненнем прыязджаюць госці з замежных універсітэтаў.