Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 28 Кастрычнік 2022 08:43

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла сустрэча з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Пярцовым

IMG 4429Сустрэча са студэнтамі спецыяльнасцей "Журналістыка" і "Інфармацыя і камунікацыя" і школьнікамі, якія цікавяцца журналістыкай, адбылася 27 кастрычніка ў рамках рэалізацыі праекта "Маладзёжная медыясфера".

На мерапрыемстве прысутнічала кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам Ірынай Кітурка, галоўны рэдактар “Гродзенскай праўды” Лілія Навіцкая, а таксама выкладчыкі кафедры журналістыкі.

Адкрыла мерапрыемства прывітальным словам рэктар універсітэта Ірына Кітурка. Прадстаўляючы госця аўдыторыі, Ірына Фёдараўна адзначыла, што сустрэча з Міністрам інфармацыі Уладзімірам Пярцовым стала магчымай дзякуючы Ліліі Навіцкай, якой належыць ідэя праекта "Маладзёжная медыясфера".

Будучы ўпершыню ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў якасці міністра, Уладзімір Барысавіч узгадаў сваю выкладчыцкую дзейнасць у Купалаўскім універсітэце і адзначыў, што яму вельмі прыемна знаходзіцца сярод прагрэсіўнай моладзі і сустрэцца тварам да твару з будучымі журналістамі.

У сваёй прамове ён абазначыў асноўныя праблемы, якія існуюць у інфармацыйнай прасторы ў апошні час.

- Сёння адбываюцца кардынальныя змены ў інфармацыйнай прасторы, пра якія ўчора мы нават не маглі падумаць. Гэта тычыцца не толькі медыяпрасторы, але і ўсяго лічбавага асяроддзя, якое мы ўспрымалі як тэрыторыю свабоднага размяшчэння інфармацыі. Тыя, хто валодае платформамі, аперацыйнымі сістэмамі, сёння "выпілоўваюць" цэлыя інфармацыйныя каналы і сацыяльныя сеткі ва ўгоду сваім заказчыкам і сваёй ідэалогіі. Яшчэ пару гадоў таму мы не маглі ўявіць, што такое можа быць, зараз жа на нашых вачах гэта адбываецца. Бачачы такія ўчынкі з боку лічбавых гігантаў, мы разумеем, што ўсё не так адназначна. У нашых руках - праўда, і мы з гэтай зброяй пераможам. Мы павінны быць больш актыўнымі ў тых асяроддзях, якія нам даступныя - традыцыйныя медыя, лічбавыя каналы камунікацыі, - адзначыў кіраўнік ведамства.

Уладзімір Пярцоў падзяліўся і аналітычнай інфармацыяй, у прыватнасці, ён расказаў аб тым, што сёння 80-90 працэнтаў спажыўцоў чытаюць навіны праз мабільныя прылады, падступства якіх у тым, што там знаходзіцца неправераная інфармацыя, якой нельга давяраць:

- Часта гэта фэйкі, гэта не журналісцкія канструкцыі па вызначэнні. Галоўная мэта такіх канструкцый - стварыць у людзей пэўныя эмоцыі, падаграваць іх і падахвочваць на розныя неапраўданыя, супрацьпраўныя, злачынныя дзеянні, за якія потым будзе, сама меней, сорамна. І для таго, каб не паддавацца на такія хітрыкі, сучасны чалавек павінен валодаць медыяграматнасцю. Разумець, што любая сацыяльная сетка прымяняе пэўныя алгарытмы па фарміраванні светапогляду. Гэта ўсё прымушае нас задумацца, асабліва зараз, у эпоху інфармацыйнай вайны.

Свае пытанні Міністру актыўна задавалі студэнты, якія ў бліжэйшай будучыні звяжуць сваю прафесійную дзейнасць з інфармацыйным асяроддзем, а таксама школьнікі, якія займаюцца ў Школе юнага журналіста "Медыястарт" пры кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, і дзейныя журналісты. Пытанні датычыліся галоўных сфер жыцця грамадства і таго, як яны павінны быць адлюстраваны ў сучасных СМІ.

Якім павінен быць журналіст з улікам сучасных рэалій, якая роля і задачы СМІ сёння, як развіваць СМІ ў інтэрнет-прасторы і многія іншыя пытанні прагучалі з вуснаў будучых і дзеючых журналістаў. Усе яны паказалі журналісцкую цікавасць да актуальных тэм.

На заканчэнне сустрэчы Уладзімір Пярцоў адзначыў зацікаўленасць аўдыторыі і падзякаваў за жывую і змястоўную размову. Па традыцыі мерапрыемства скончылася агульным фота на памяць.