Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 28 Студзень 2016 09:24

Урачыстая сустрэча кіраўніцтва вобласці з навукоўцамі Гродзенскага рэгіёну адбылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы

13014 2У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў напярэдадні Дня беларускай навукі, 27 студзеня 2016 г., ушаноўвалі навукоўцаў Гродзеншчыны.

Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, супрацоўнікі купалаўскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Гродзенскага філіяла "БІП - Інстытут правазнаўства", Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Гродзенскага філіяла навукова-даследчага цэнтра праблем рэсурсазберажэння.

З прывітальным словам да гасцей звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце нашай ВНУ Уладзімір Георгіевіч Барсукоў.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук павіншаваў прысутных з прафесійным святам і пажадаў ўвасаблення ідэй, годных вучняў і гонару за нацыянальныя навуковыя дасягненні. Ігар Георгіевіч распавёў аб прыярытэтных кірунках развіцця беларускай навукі, адзначыў знакавыя рэспубліканскія праекты, сярод якіх назваў т.зв. Мінскую сіліконавую даліну, ці Парк высокіх тэхналогій: «Неўзабаве першы філіял Парку высокіх тэхналогій з'явіцца ў Гродне. Тут на новым узроўні пачнецца распрацоўка новых IT-тэхналогій, якія будуць спрыяць павышэнню эканамічнага дабрабыту нашага рэгіёну». Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў падкрэсліў, што вядучае месца ў станаўленні навукі ў Гродзенскай вобласці займае купалаўская ВНУ: універсітэт пастаянна знаходзіцца на верхніх радках нацыянальных рэйтынгаў, актыўна рэалізуе рэспубліканскія і міжнародныя праекты і плённа супрацоўнічае з шэрагам арганізацый.

Затым аб навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэтаў і навуковых школ распавялі прадстаўнікі трох гродзенскіх дзяржаўных ВНУ.

У канцы сустрэчы старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук ўручыў лепшым вучоным Гродзенскага рэгіёну Ганаровыя граматы і падзячныя лісты Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Сярод узнагароджаных супрацоўнікі нашай ВНУ - дацэнт кафедры філасофіі, кандыдат філасофскіх навук Алег Аляксандравіч Раманаў і дактарант фізіка-тэхнічнага факультэта Віталій Іванавіч Сцяпура.

У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава навуковых дасягненняў, на якой супрацоўнікі ВНУ і навуковых школ прадставілі інавацыйныя распрацоўкі і праекты.