Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 27 Студзень 2016 11:25

Выкладчыкі філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у працы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

SAM 2824З 11 да 15 студзеня 2016 года ў Гродне праходзіў трэці абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, удзельнікамі якой сталі больш за 70 школьнікаў горада і вобласці. Алімпіяда была арганізавана на базе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І. Шчаснага.

У працы журы абласной алімпіяды прынялі ўдзел выкладчыкі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы: дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Уладзіміравіч Грынько, дацэнты кафедры беларускай літаратуры Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі і Алена Вітальеўна Руцкая, старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры Святлана Мікалаеўна Тарасава, дацэнты кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Валерый Леанідавіч Варановіч і Ірына Міхайлаўна Хлусевіч. У якасці старшыні журы выступіла загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Алена Станіславаўна Садоўская.

У конкурсах па напісанні водгуку, комплекснай працы, вусным выказванні ацэньваліся веды школьнікаў па беларускай мове і літаратуры, творчыя здольнасці школьнікаў, уменне выступаць публічна. Абсалютным пераможцам, які набраў максімальную колькасць балаў, стала вучаніца 9 класа СШ № 31 г. Гродна Марыя Шапялевіч. Таксама былі вызначаны 15 прызёраў алімпіяды 9-11 класаў, якія будуць прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе алімпіяды.

15 студзеня адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Граматы і прызы ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы школьнікам ўручылі Алена Станіславаўна Садоўская і Святлана Мікалаеўна Тарасава.

З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.