Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 19 Жнівень 2022 16:15

У Купалаўскім універсітэце працягваецца вакцынацыя супраць COVID-19

IMG 0664Работнікі здраўпункта Купалаўскага ўніверсітэта правялі вакцынацыю і рэвакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі для ўсіх жадаючых. Працэдура прайшла ў выязным прышчэпачным пункце ў навучальным корпусе па адрасе Ажэшкі, 22.

 

Спецыялісты прагназуюць, што ў верасні COVID-19 пойдзе ў рост. У сувязі з гэтым медыкі настойліва рэкамендуюць прайсці вакцынацыю і рэвакцынацыю. Гэта дазволіць засцерагчы сябе і сваіх блізкіх. Не варта перажываць, калі вы прышчапіліся адным прэпаратам, а рэвакцынацыю прайшлі іншым. Даследаванні паказваюць, што чаргаванне вакцын можа выклікаць шырэйшы імунны адказ, чым некалькі доз аднаго прэпарата.

Цяпер у Беларусі зарэгістраваны вакцыны "Спутнік V" (Гам-Ковід-Вак) - двухкампанентная вектарная вакцына вытворчасці РФ/РБ, "Спутнік Лайт" - аднакампанентная вектарная вакцына вытворчасці РФ/РБ, Vero Cell (Sinopharm) вытворчасці КНР - двухкампанентная інактывіраваная вакцына, Кові Вак - двухкампанентная інактываваная вакцына вытворчасці РФ.

- Як і ў мінулым годзе здраўпункт Купалаўскага ўніверсітэта актыўна праводзіць прышчэпачную кампанію як на месцы, так і арганізоўвае выязныя прышчэпачныя кабінеты. Шматгадовы вопыт барацьбы з іншымі віруснымі інфекцыямі паказвае, што ў выпадку з ковідам недастаткова прышчапіцца адзін раз і больш не хварэць, напрыклад, як з адзёрам. Таму цяпер усім нам трэба рэвакцынавацца ад COVID-19, як і ад грыпу, – адзначыла загадчыца здраўпункта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Марына Кравец.

Перад вакцынацыяй супрацоўнікі і студэнты праходзяць першасны агляд ва ўрача-спецыяліста. Медык звяртае ўвагу на слізістыя абалонкі, артэрыяльны ціск, тэмпературу. Доктар абавязкова збірае алергалагічны анамнез. Калі ўсё ў парадку, купалаўца прывіваюць. Дарэчы, вакцынавацца могуць і непаўналетнія студэнты пры наяўнасці пісьмовага дазволу ад бацькоў. Медыкі нагадваюць, што пры павышэнні тэмпературы цела пасля прышчэпкі не трэба хвалявацца. Гэта нармальная рэакцыя на кампаненты вакцыны, яна пройдзе за пару дзён.

Для таго, каб прыйсці і вакцынавацца, папярэдні запіс не патрэбны.