Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 12 Ліпень 2022 16:04

Завяршылася летняя змена лагера "Настаўнік Next"

IMG 937812 ліпеня ў Купалаўскім універсітэце адбылося закрыццё летняга профільнага аздараўленчага лагера "Настаўнік Next". Школьнікі і настаўнікі падвялі вынікі 9-дзённай працы.

Лагер стартаваў 4 ліпеня. Яго ўдзельнікамі сталі 20 школьнікаў педагагічных класаў сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыска. На працягу 9 дзён школьнікі знаёміліся з прафесіяй педагога і даведваліся пра ўсе яе тонкасці.

Пра работу лагера расказала намеснік дэкана педагагічнага факультэта Алена Лапкоўская:

- Мы доўга чакалі гэтую змену, бо з моманту вочнай сустрэчы з удзельнікамі прайшло ўжо два гады, да гэтага лагер праводзіўся ў анлайн-фармаце. Дзевяць дзён праляцелі неўзаметку. Нягледзячы на тое, што заезд праходзіў у летні час, калі школьнікі адпачываюць, хлопцы актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах: прайшлі тры этапы конкурсу "Самы разумны", згулялі ў інтэлектуальную гульню "Падарожжа ў краіну права", абмеркавалі навыкі эфектыўнай камунікацыі на трэнінгу з выкладчыкамі ўніверсітэта. Думаю, што лагер яшчэ надоўга запомніцца школьнікам.

У гэтым годзе ўдзельнікам лагера пашчасціла прыняць удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да юбілею Янкі Купалы, імя якога носіць наш універсітэт. Да 140-годдзя з дня нараджэння пісьменніка школьнікі падрыхтавалі святочную праграму. Урачыстасць разгарнулася каля галоўнага корпуса ўніверсітэта.

Дзеці распрацавалі спецыяльныя QR-коды, у якіх былі зашыфраваныя вершы паэта, змайстравалі дошку пажаданняў і арганізавалі віктарыну. Акрамя гэтага, удзельнікі лагера кожны вечар актыўна бавілі вольны час: хадзілі ў боўлінг і кіно, гулялі па Гродне, наведвалі гістарычныя славутасці горада, а перад сном рыхтавалі насценгазеты, дзе адлюстроўвалі гісторыю кожнага дня.

Сваімі ўражаннямі аб лагеры падзялілася Алена Семак, навучэнка 11 класа, удзельнік лагера "Настаўнік Next":

- У лагеры я ўпершыню. Мы планавалі прыехаць сюды ў мінулым годзе, але з-за эпідсітуацыі паездка адмянілася, і змена праходзіла анлайн. Вядома, такі фармат не параўнаецца з кругласутачным знаходжаннем ва ўніверсітэце, бо дзякуючы гэтаму становішчу можна пагрузіцца ў студэнцкае жыццё і больш свядома абраць прафесійны кірунак. У Купалаўскім універсітэце мяне ўразіла згуртаванасць усіх факультэтаў. Мабыць, менавіта дзякуючы гэтаму я ўжо з першага дня адчула сябе часткай гэтай вялікай сям'і, спадзяюся вярнуцца сюды ўжо ў якасці студэнта.

Гэтая змена падышла да канца, але школьнікі ўжо актыўна абмяркоўваюць наступную, якая пройдзе на восеньскіх канікулах сёлета.