Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Чэрвень 2022 08:40

У Купалаўскім універсітэце адбыўся ўрачысты выпуск курсантаў (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

IMG 20220625 172055 781У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбыўся адзін з самых прыгожых выпускаў! 28 курсантаў ваеннага факультэта скончылі навучанне і атрымалі свае першыя пагоны. Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў у гэтым годзе прайшла на Кургане Славы, дзе маладыя людзі прынялі Кодэкс гонару афіцэра! Менавіта тут 4 гады таму курсанты прымалі ваенную прысягу на першым годзе свайго навучання.

Урачыстасць моманту з выпускнікамі падзялілі іх родныя і ганаровыя госці. Сярод тых, хто далучыўся да ўрачыстасці, былі намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Бурдыка, камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Ігар Дземідзенка, начальнік харчовага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксандр Філіповіч, намеснік начальніка ўпраўлення тылу Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксандр Прудчанка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і іншыя.

З урачыстым момантам выпускнікоў павіншаваў Андрэй Бурдыка, намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

- Ужо стала добрай традыцыяй выпускаць маладых лейтэнантаў перад адным з самых значных святаў Рэспублікі Беларусь - Днём Незалежнасці. Памятайце, што няма больш ганаровай прафесіі, чым Радзіму абараняць. Ва ўніверсітэце вы атрымалі ўсе неабходныя веды і цяпер вы прыменіце іх на практыцы, - адзначыў Андрэй Бурдыка.

Да віншавання далучылася Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

- Беларусь стала багацейшай на 28 афіцэраў. Іграе важную ролю тое месца, дзе праходзіць урачысты выпуск. Менавіта тут 4 гады таму, на Кургане Славы, курсанты прынялі прысягу, будучы першакурснікамі. Сёння вы ўжо атрымліваеце дыпломы. Я жадаю, каб усе тыя веды і навыкі, якія вы набылі за час навучання, вы працягнулі развіваць і ўдасканальваць у сваёй афіцэрскай дзейнасці.

Як расказаў начальнік ваеннага факультэта Лявонцій Паўлаў, гэты выпуск афіцэраў стаў дванаццатым. Маладыя людзі атрымалі сваё першае званне - лейтэнант. За іх плячыма 4 гады напружанай вучобы, на працягу якіх яны атрымлівалі веды, неабходныя для іх прафесійнай дзейнасці.

- Выпускнікі навучыліся пераадольваць цяжкасці, кіраваць сабой і сваімі падначаленымі, сфарміравалі якасці, неабходныя для нясення службы, - распавёў Лявонцій Паўлаў. - Пасля заканчэння першага афіцэрскага водпуску маладыя лейтэнанты адправяцца на праходжанне далейшай службы па размеркаванні ў розныя злучэнні і воінскія часці ўзброеных сіл і іншых сілавых ведамстваў нашай краіны. Выказваю цвёрдую ўпэўненасць у тым, што сёлетнія выпускнікі арганічна ўвальюцца ў рады афіцэрскага корпусу і будуць якасна выконваць задачы па прызначэнні.

Пра якасць падрыхтоўкі на ваенным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта гавораць і заказчыкі кадраў, якія з году ў год рады бачыць сярод сваіх супрацоўнікаў нашых выпускнікоў. Як адзначыў начальнік рэчавага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, палкоўнік Сяргей Кулакевіч, узровень ведаў і ўменняў маладых афіцэраў заўсёды высокі!

Асабліва хвалюючым гэты дзень стаў для выпускнікоў. Яўген Макарук скончыў ваенны факультэт па спецыяльнасці "Тылавое забеспячэнне войскаў (прадуктамі харчавання)". Лейтэнант будзе служыць у 6-й гвардзейскай механізаванай брыгадзе:

– Для мяне і маіх родных сённяшні дзень стаў вялікім святам! Атрыманне першых пагонаў і дыплома, несумненна, адна з найважнейшых вех майго жыцця, ды і ўсіх выпускнікоў. Сёння пачаўся цяжкі, але вельмі значны шлях, які трэба прайсці мне і маім калегам. Абапіраючыся на жыццёвы досвед нашых выкладчыкаў, мы станем годнымі прыемнікамі!

У добры шлях, маладыя афіцэры!