У мерапрыемстве прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка ў Расійскай Федэрацыі Джаніта Абейвікрэма Ліяназе і прадстаўнікі пасольства, а таксама рэктар універсітэта Вавуніі Доктар Тхампое Мангалешвара і акадэмічная супольнасць вышэйшай школы.
З боку Купалаўскага ўніверсітэта да анлайн-сустрэчы далучыліся рэктар Ірына Кітурка, прарэктар па вучэбнай працы Юрый Белых, дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая, дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак, дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандр Карэўскі, начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Вольга Мінава, начальнік аддзела рэкрутынгу і рэгістрацыі замежных грамадзян Ірына Галаўніцкая.
Сустрэча стала знаёмствам двух універсітэтаў, бо раней установы адукацыі не супрацоўнічалі. Кожны з бакоў расказаў аб сваёй дзейнасці і напрамках работы. Пасля заканчэння сустрэчы яны дамовіліся аб устанаўленні партнёрскіх адносін у рамках міжнароднага супрацоўніцтва і змацаванні іх афіцыйным пагадненнем.
Замежнай ВНУ цікавы шэраг напрамкаў сумеснай работы з Купалаўскім універсітэтам, у прыватнасці, акадэмічны абмен выкладчыкамі і студэнтамі, рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм, супрацоўніцтва ў навуковым полі. Замежная ВНУ плануе распрацаваць доўгатэрміновую і ўстойлівую сумесную дзейнасць па ўсіх дысцыплінах універсітэта.
Дарэчы, сустрэча адбылася па ініцыятыве Пасольства Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка ў Расійскай Федэрацыі. Усе ўдзельнікі дыялогу перакананы, што іх зносіны перарастуць ў моцны і плённы саюз.
ДАВЕДКА
У красавіку 2022 года Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы звярнуўся ў Пасольства Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка ў Расійскай Федэрацыі з просьбай аказаць садзейнічанне ва ўстанаўленні кантактаў з Універсітэтам Шры-Джаявардэнепура і Універсітэтам Келаніі, а таксама ў прыцягненні грамадзян. Пасольства падтрымала ініцыятыву ўстанаўлення міжвузаўскіх кантактаў і прапанавала правесці трохбаковую сустрэчу ў анлайн-фармаце з мэтай наладжвання ўзаемадзеяння з Універсітэтам Вавуніі.