Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 15 Красавік 2022 10:17

Студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу "Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў"

IMG 20220414 192905 168Конкурс прайшоў па стандартах WorldSkills, міжнароднага некамерцыйнага руху, мэта якога - павышэнне статусу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі па ўсім свеце. Удзел у ім узялі больш за сотню чалавек з вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў.

Конкурс праходзіў у два этапы. Першы адбыўся дыстанцыйна на платформе Моodle, і па яго выніках у другі этап прайшлі 9 удзельнікаў, сярод іх трое студэнтаў з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і навучэнец Лідскага каледжа. Фінальнае спаборніцтва прайшло на базе філіяла кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ў ТАА "Аўтацэнтр Флагман", з якім цесна супрацоўнічае наш універсітэт.

Як падкрэсліў выканаўчы дырэктар ТАА "Аўтацэнтр Флагман" Віктар Свянціцкі, фіналісты конкурсу ўжо перспектыўныя маладыя спецыялісты, якія ведаюць сваю справу.

- Наша прадпрыемства з радасцю прадставіла сваю базу для арганізацыі спаборніцтваў, а таксама прызы. Мы лічым, што важна падтрымліваць моладзь. Да таго ж, выгада ёсць і для нас - мы прыглядаемся да рабят і адбіраем для сябе больш перспектыўныя кадры, - адзначыў Віктар Свянціцкі.

Задача ўдзельнікаў конкурсу была няпростая. У кожнай машыне было пяць няспраўнасцяў, усе іх трэба было знайсці і ўхіліць, уклаўшыся ў 60 хвілін. Але як адзначыў кіраўнік па кірунку «Гібрыдныя і электрычныя аўтамабілі» ТАА «Аўтацэнтр Флагман» Аляксей Сямёнаў, у больш хуткіх хлопцаў шанцы стаць пераможцамі былі вышэйшыя.

- Вельмі выдатна, што рабяты гараць справай і імкнуцца ўдасканальвацца, даведвацца новае. Выдатна, калі студэнты і навучэнцы жадаюць удзельнічаць у конкурсах, праяўляць сябе. Мы шчыльна супрацоўнічаем з Купалаўскім універсітэтам, і заўсёды з радасцю бяром студэнтаў да сябе на практыку, многія ў далейшым часта становяцца нашымі супрацоўнікамі, - распавёў Аляксей Сямёнаў.

Як адзначыў дэкан факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Варанцоў, конкурс такога фармату прайшоў упершыню.

– І ўніверсітэт, і ТАА «Аўтацэнтр Флагман» ідуць у нагу з часам, таму ў рамках конкурсу была прадугледжана спаборніцкая праграма за спецыяльны прыз у намінацыі «Электрычны аўтаномны транспарт». Дарэчы, у 2021 годзе адбыўся першы набор на аднайменную спецыяльнасць у Купалаўскім універсітэце, - расказаў Аляксандр Варанцоў.

Удзельнікі конкурсу на працягу некалькіх гадзін ваявалі за званне лепшага. Пасля напружаных баталій былі названы пераможцы, якіх прывітала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна зачытала прывітальны адрас першага намесніка Міністра Адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірыны Старавойтавай.

«Бронзу» заваяваў студэнт Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Севярын, «серабро» ў Максіма Бойкі з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, «золата» забраў Аляксандр Ясюкевіч з гэтай жа ВНУ.

Спецыяльнага прыза ўдастоіўся Максім Мальгін з Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С. Высоцкага ўстановы адукацыі "Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі".