Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 31 Сакавік 2022 16:41

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч наведаў Купалаўскі ўніверсітэт

IMG 5445Дыялогавая пляцоўка “Захоўваючы гісторыю – будуем будучыню” з удзелам Аляксандра Карлюкевіча 31 сакавіка прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Да адкрытага дыялогу аб важнасці захавання гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі, які прысвечаны Году гістарычнай памяці, далучыліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта.

Ад імя рэктара Ірыны Кітурка павітаў і прадставіў госця аўдыторыі прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Сянько. Ён павіншаваў Аляксандра Мікалаевіча з нядаўнім прызначэннем на пасаду старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі і пажадаў значных дасягненняў і поспехаў на новым месцы працы.

На пачатку свайго выступлення Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што яму прыемна знаходзіцца ў Купалаўскім універсітэце, у тым ліку і таму, што тут створаны не проста музей, які захоўвае памяць, але сапраўдны музейна-адукацыйны партал.

Сваю прамову ён прысвяціў тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння добрая нагода для ўсіх нас яшчэ раз асэнсаваць цярністы шлях нашага народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці, скласці ў адно цэлае старонкі нашай няпростай гісторыі як гераічнай, так і трагічнай, данесці да свету праўду пра генацыд беларускага і іншых народаў на тэрыторыі Беларусі. Мы абавязаны гэта зрабіць, перш за ўсё, для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны павінны ведаць цану міру і свабоды, якія здабываліся многімі пакаленнямі, падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аляксандр Карлюкевіч расказаў пра тое, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь ужо правяла каласальныя даследаванні, апытана каля трынаццаці тысяч сведкаў, што валодаюць інфармацыяй, з іх больш за сем – непасрэдныя сведкі тых жудасных падзей, у якіх вінаваты фашысты, нацыянал-фашысты, якія жадалі знішчыць нашу тэрыторыю і народ Беларусі. Генацыд – гэта тыя падзеі, якія не маюць тэрміна даўнасці ў характары сваіх пакаранняў. Трэба паглядзець, колькі мы панеслі людскіх, маральных стратаў, і што свет павінен ведаць пра гэта. Калі будзе выкладзена як мага болей інфармацыі, тады будзе лягчэй разбірацца і моладзі.

Часта ў каментарах электронных СМІ і сацыяльных сетках узнікае пытанне: чаму менавіта пасля наступстваў падзей жніўня 2020 года ўзнікла тэма генацыду. Дык вось менавіта цяпер прыйшоў час нагадаць свету пра тое, што было здзейснена ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Час узнавіць сляды. Таму невыпадкова сёлетні год абвешчаны Годам гістарычнай памяці, – адзначыў спікер.

Сотні беларускіх вёсак трапілі пад генацыд. Таму Аляксандр Мікалаевіч нагадаў словы Прэзідэнта аб тым, што патрэбна, каб у кожным з рэгіёнаў Беларусі былі добра ўшанаваны нашыя продкі, якія загінулі альбо былі забіты фашысцкімі карнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

У зацікаўленай, усхваляванай размове аб гістарычнай памяці, аб жыццёва важнай неабходнасці абараняць і адстойваць гістарычную праўду і памятаць пра тое, чаго забываць нельга, таксама прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. Акрамя таго, падчас адкрытага дыялогу актыўна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з літаратурным краязнаўствам Беларусі і выдавецкай дзейнасцю.