Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 29 Сакавік 2022 15:58

У ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць канферэнцыя "Стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь у кантэксце сучасных глабальных выклікаў"

IMG 5024Канферэнцыя прысвечана разгляду шырокага кола пытанняў забеспячэння нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнай бяспекі краіны ў кантэксце сучасных выклікаў, рызык і пагроз, а таксама абмеркаванню і выпрацоўцы новых і эфектыўных падыходаў да яе забеспячэння ў эпоху геапалітычнай нестабільнасці і турбулентнасці.

У навуковай падзеі бяруць удзел больш за 80 удзельнікаў, як афлайн, так і анлайн. На працягу двух дзён вучоныя і эксперты абмяркуюць пытанні нацыянальнай бяспекі і стратэгічных інтарэсаў. Канферэнцыя арганізавана сумеснымі намаганнямі Купалаўскага ўніверсітэта і Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь.

- Рабочае поле канферэнцыі было намечана ў снежні па выніку семінара-нарады з удзелам прадстаўнікоў Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, - адзначыў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. - Поле атрымалася шырокім і закранае нямала аспектаў і сфер, звязаных з нацыянальнай бяспекай. Вельмі спадзяемся, што канферэнцыя будзе карысная ў фармаванні канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, бо ў яе тэматычным полі сышліся разам практыка і навука.

Канферэнцыя пачалася з работы пленарнага пасяджэння, у якім прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Аляксандр Невяроўскі, начальнік упраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксей Банькоўскі.

Прывітальнае слова дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча да ўдзельнікаў канферэнцыі зачытаў Аляксей Банькоўскі. Было адзначана, што значнасць мерапрыемства абумоўлена з'яўленнем новых рызык, выклікаў і пагроз развіццю і бяспецы нашай краіны. Таму канферэнцыя стане важным крокам у выпрацоўцы далейшых шляхоў удасканалення канцэпцыі нацыянальнай бяспекі ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, за праект якой прагаласаваў беларускі народ 27 лютага бягучага года.

Актуальнасць навуковай падзеі адзначыў і Юрый Караеў:

- Мы прывыклі да мірнага неба, да бяспекі, і гэта натуральны ход рэчаў. Але свет не стаіць на месцы, і ў гэтым шалёным рытме жыцця людзі часам забываюць, што галоўная мерка шчасця - мірная і спакойная абстаноўка, у якой можна проста жыць. У нейкі пэўны момант гэтага людзям становіцца мала, дадзены аспект ідзе на другі план. Але калі сітуацыя напальваецца і становіцца вастрэй, свет губляе раўнавагу. У многіх краін ёсць ядзерная зброя, буйныя ігракі вырашаюць свае геапалітычныя інтарэсы. Цяпер надышоў час, калі запыт на бяспеку ў грамадстве вырас, і пра гэта трэба казаць.

Аляксандр Невяроўскі спыніўся на злабадзённым пытанні інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння як метадзе вядзення гібрыднай вайны, на рэальных прыкладах расказаў, якім чынам аказваецца ўплыў на людзей і якія каналы для гэтага выкарыстоўваюцца. У сучасным свеце ўжо даўно стала зразумела, што распаліць нянавісць і варожасць можна не толькі з дапамогай агню.

Пасля завяршэння пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі прадоўжылі работу ў наступных секцыях: "Метадалогія і сучасныя падыходы ў забеспячэнні нацыянальных інтарэсаў і бяспекі Рэспублікі Беларусь", "Роля сістэмы адукацыі ў рэалізацыі канцэпцыі нацыянальнай бяспекі дзяржавы", "Эканамічная і гістарычная бяспека як фундамент захавання дзяржаўнасці", "Новыя рызыкі і пагрозы нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь: тэхналогіі штучнага інтэлекту, гібрыдныя тэхналогіі кіравання і маніпуляцый сучаснай моладдзю", "Біялагічная бяспека і здароўе нацыі".