Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 21 Сакавік 2022 16:48

У ГрДУ імя Янкі Купалы адзначылі Сусветны дзень паэзіі

IMG 2110Сёння адзначаецца Сусветны дзень паэзіі, і купалаўцы адсвяткавалі яго прыгожым мерапрыемствам “Чытаем Купалу разам”. Сёлета мы адзначаем 140-годдзе з Дня нараджэння народнага паэта Беларусі, чыё імя з гонарам носіць універсітэт. Таму ў гэтым годзе атмасфера ў зале была асаблівая.

Імпрэза стала чарговым мерапрыемствам, якое прыбліжае святочную дату слаўнага юбілейнага 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы – нацыянальнага песняра беларускай зямлі, народнага паэта Беларусі, класіка беларускай літаратуры, чыё імя пачэсна носіць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Традыцыйна юбілейнае спатканне пачалося з выканання Купалавай “Малітвы”, якую падарыў усёй зале выкладчык гуманітарнага каледжа Іван Вайтовіч. На самым пачатку ўрачыстасці прысутных прывітала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якая павіншавала ўсіх з Сусветным днём паэзіі, адзначыла хараство вясны і кахання ў Купалавай творчасці і падмацавала гэта радкамі верша “Явар і каліна”. Прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько павіншаваў калег-купалаўцаў і студэнтаў з юбілейнай урачыстасцю, звярнуўся асабліва да моладзі і адрасаваў ім любімыя паэтычныя радкі Купалы.

Годна прагучала Купалава слова з вуснаў дэкана філалагічнага факультэта Святланы Ганчар, якая падкрэсліла знакавасць юбілейнай акцыі, бо купалаўскія радкі найбольш яднаюць усю нашу ўніверсітэцкую супольнасць.

Купалаўцаў шчыра прывіталі аўтарытэтныя філолагі-навукоўцы, калегі-выкладчыкі з Мінска і Гомеля: дырэктар Інстытута літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка і доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Ляшчынская.

Загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Садоўская і дацэнты кафедры Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць акцэнтавалі ўвагу на велічнай місіі Купалы-прарока, ягоных запаветах “людзьмі звацца”, захаваць народную спадчыну “ад прадзедаў спакон вякоў” як бясцэнны скарб.

Урачыстую святочную імпрэзу ўпрыгожылі і студэнты-купалаўцы ваеннага, педагагічнага, юрыдычнага, інжынерна-будаўнічага факультэтаў і факультэта фізічнай культуры, якія надзвычай пранікнёна і шчыра прачыталі вершаваныя Купалавы радкі. Паэтычныя радкі з вядомай Купалавай “Спадчыны” прагучалі з вуснаў замежных студэнтаў-купалаўцаў.

Надзвычай красамоўна было падкрэслена чароўнае хараство Купалавага слова праз паказ відэароліка з вершамі ў выкананні супрацоўнікаў купалаўскай універсітэцкай сям’і.

Аздобілі святочную імпрэзу і песні: у гонар Купалы-песняра сваімі музычнымі падарункамі падзяліліся студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Ляйко Аляксандра (песня “Беларусь”) і студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Паліна Самуйловіч і Яна Кучарава (песня “Куточак Беларусі”).

Знакавай падзеяй стала і тое, што прывіталі купалаўскую сям’ю ў Сусветны дзень паэзіі і прадстаўнікі літаратурнай Гродзеншчыны: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч і калега-паэт Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч. Душэўна пранікнёныя і духоўна глыбокія, самабытныя і неардынарныя, прагучалі вершы-прысвячэнні Купалу-творцу ад гродзенскага літаратурнага краю, багатага на таленты.

У перазоўным дыялогу са славутымі паэтамі загучалі і вершы-прысвячэнні маладых купалаўцаў: студэнтаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, “Сучасныя замежныя мовы”, “Журналістыка”, “Камп’ютарная бяспека”, “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” і інш.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства цудоўнымі паэтычнымі радкамі з вуснаў юных купалаўцаў – годных пераемнікаў Купалавых запаветаў. Бо наша Купалаўская ALMA MATER – беражніца дум паэта-прарока Янкі Купалы, ягонага запавету зберагчы “старонку родную”.

Арганізатарам мерапрыемтсва выступіла кафедра беларускай філалогіі.