Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Люты 2022 09:47

У ГрДУ імя Янкі Купалы завяршыўся турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара

IMG 8382За першынства ў турніры спартсменкі з пяці каманд змагаліся на працягу трох дзён - з 21 па 23 лютага.

Адкрыты турнір на Кубак рэктара прайшоў у Купалаўскім універсітэце восьмы раз. Упершыню спаборніцтвы па валейболе сярод жаночых каманд прайшлі ў ГрДУ імя Янкі Купалы падчас святкавання 75-годдзя і за некалькі гадоў сталі традыцыйнымі.

Сёлета валейбольная пляцоўка ўніверсітэта аб'яднала ў турнірных сустрэчах каманды Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскай АСДЮШАР імя А.М.Сапегі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка ў прывітальным слове падзякавала камандзе за візіт у Купалаўскі ўніверсітэт і павіншавала ўсіх з завяршэннем турніру. Ірына Фёдараўна адзначыла, што Купалаўскі ўніверсітэт славіцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі на рэспубліканскіх і міжнародных арэнах.

– Нам вельмі прыемна праводзіць такі цудоўны турнір у святочны для Купалаўскага ўніверсітэта тыдзень. Гэта паказчык таго, што моладзь можа рэалізавацца ў многіх накірунках, бо наша alma mater – гэта ўніверсітэт розных магчымасцяў! Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх мужчын з Днём абаронцаў Айчыны. 23 лютага - гэта асаблівы дзень і ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя і бязмежнага шчасця, - адзначыла Ірына Фёдараўна.

Сярод ганаровых гасцей на цырымоніі былі старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў, начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь, старшыня валейбольнага клуба "Гродзенскі камунальнік" Аляксей Сівірчукоў.

Усіх прысутных на ўрачыстай цырымоніі закрыцця прывітаў Барыс Фёдараў. Ён павіншаваў спартсменаў з завяршэннем турніру і падзякаваў Купалаўскаму ўніверсітэту за падтрымку валейбола і папулярызацыю гэтага віду спорту.

А месцы размеркаваліся наступным чынам. Трэцяе месца заваявала каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, другое месца ў каманды Гродзенскай АСДЮШАР імя А.М.Сапегі а першае месца заняла каманда каманды Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.