Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Люты 2022 08:37

У галерэі «UNIVERSUM» адкрылася выстава, прысвечаная Дню нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта

IMG 5398 3

Экспазіцыя ў галерэі «UNIVERSUM» абнаўляецца штогод да Дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта. Традыцыйна экспазіцыю складаюць курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў кафедры выяўленчага мастацтва, выкананыя ў тэхніцы станкавага жывапісу.

Сёлета экспазіцыя атрымала назву "Родныя вобразы" і аб'яднала работы, прасякнутыя нацыянальным каларытам і духам беларускага народа, яго самабытнасцю і ўнікальнасцю. Карціны будуць радаваць купалаўцаў да наступнага Дня нараджэння аlma mater.

Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прыняў удзел першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. Сваё прывітальнае слова ён пачаў з віншавання купалаўцаў са святам.

– Штогод нашы юныя мастакі цешаць выдатнымі працамі, якія поўныя любові да сваёй справы і, несумненна, беларускай культуры. Дзякуй і выкладчыкам, якія вучаць і накіроўваюць студэнтаў. Шчыра жадаю юным талентам творчых поспехаў і як мага больш персанальных выстаў, - адзначыў Юрый Раманоўскі.

Адкрыццё выставы ў галерэі "UNIVERSUM" стала першым з серыі святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 82-га Дня нараджэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На працягу ўсяго святочнага тыдня ў Купалаўскім універсітэце запланавана шмат цікавых падзей.