Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 18 Люты 2022 08:56

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі “Без тэрміна даўніны. Гродзенская вобласць»

IMG 4645Шасцітомны дакументальны зборнік «Без тэрміна даўнасці. Беларусь» збярэ пад сваёй вокладкай дадзеныя аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У кожнай вобласці Беларусі праводзіцца каласальная работа па пошуку гістарычных даных аб зверствах фашыстаў. Праца з дадзенымі Гродзеншчыны завяршылася, і зборнік “Без тэрміну даўнасці. Гродзенская вобласць» быў прэзентаваны ў Купалаўскім універсітэце, навукоўцы якога прыклалі руку да стварэння ўнікальнага выдання.

У прэзентацыі зборніка прынялі ўдзел Дырэктар фонду "Гістарычная памяць" Аляксандр Дзюкаў, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

Як адзначыла Ірына Кітурка падчас вітальнага слова, у Беларусі робіцца сапраўды шмат для захавання памяці аб вялікім і гераічным подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. Прэзентацыя кнігі праходзіць у вельмі важны год, Год гістарычнай памяці, што асабліва сімвалічна. На інфармацыйным полі вядзецца барацьба, падчас якой жадаюць перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, наша задача - не дапусціць скажэння гістарычных фактаў.

Зборнік падрыхтаваны Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб'яднанняў Гродзенскай вобласці, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі.

Кніга «Без тэрміну даўнасці. Гродзенская вобласць» акцэнтуе ўвагу на тым, што перажывалі мірныя людзі падчас нямецкай акупацыі. У выданні прадстаўлены факты, якія яны ёсць, без згладжвання вуглоў. Як адзначыў прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Эдмунд Ярмусік, у гісторыі Беларусі былі факты, калі дзеянні фашыстаў спрабавалі "абяліць", адводзячы ў бок ад тых жудасных дзеянняў, што разгортваліся на акупаваных тэрыторыях.

- Зборнік «Без тэрміну даўнасці. Гродзенская вобласць» асабліва каштоўны для моладзі і будучых пакаленняў. Важна захаваць для іх праўду, не дазволіць сказіць гістарычныя факты, - падкрэсліў Эдмунд Ярмусік, які з'яўляецца аўтарам прадмовы да зборніка.

Вывучаючы архіўныя дадзеныя, удаецца атрымаць унікальныя дадзеныя. Паралельна вядзецца праца са сведкамі тых страшных падзей, іх сваякамі.

- Генеральная пракуратура ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Зыходзячы з усяго масіва даных устанаўліваюцца раней невядомыя факты злачынстваў і фарміруецца крымінальная справа. Гэтая праца будзе працягнутая, - распавёў Андрэй Скурат.

Усяго будзе выдадзена шэсць тамоў зборніка “Без тэрміну даўнасці. Беларусь». На дадзены момант у свет выйшлі кнігі аб злачынствах нацыстаў у Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

- У выданнях прадстаўлены дакументы, якія тычацца халакосту, знішчэння вёсак, ёсць звесткі аб месцах масавага знішчэння грамадзянскага насельніцтва і буйных карных аперацый нацыстаў і мноства іншых звестак, якія выкрываюць захопнікаў, - распавёў Андрэй Дземянюк.

Кніга была выдадзена пры фінансавай падтрымцы Асацыяцыі гісторыкаў саюзнай дзяржавы "Саюзная ініцыятыва памяці і згоды" і фонду "Гістарычная памяць". У зборнік уключана больш за сотню дакументаў, большасць з якіх узяты з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Дзюкаў расказаў, што ў Расіі рэалізуецца аналагічны праект, на гэты момант выйшла ўжо 23 тамы, па адным на кожную акупаваную вобласць:

- Наш фонд сумесна з нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь паспяхова рэалізуе праект "Без тэрміну даўнасці" ў Беларусі. Ён вельмі маштабны і вельмі важны. Цесная сумесная праца паказвае, што нашыя народы блізкія, і мы разумеем, што Вялікая Айчынная вайна - гэта наша агульная трагедыя, пра якую нельга забывацца.

Пасля завяршэння прэзентацыі кнігі «Без тэрміна даўнасці. Гродзенская вобласць» у навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы адбылося адкрыццё выставы «Спаленыя вёскі Беларусі».