Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 11 Люты 2022 13:02

Старшыня таварыства "Веды" Вадзім Гігін абмеркаваў з купалаўцамі новы праект Канстытуцыі

IMG 4170Ужо зусім хутка беларусы аддадуць свае галасы за будучыню краіны на Рэферэндуме. Абмеркаванне новага праекту Канстытуцыі выходзіць на фінішную прамую, у тым ліку і ў Купалаўскім універсітэце. Цяпер да яго актыўна падключаюцца студэнты, раней да дыскусіі былі запрошаны супрацоўнікі ўніверсітэта.

 

Спікерамі на пляцоўцы сталі палітолаг, старшыня праўлення Беларускага таварыства "Веды" Вадзім Гігін і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Як адзначыла Ірына Фёдараўна, сустрэчы са знакавымі асобамі важныя для студэнтаў, цэняцца моладдзю і выклікаюць ажыўленую цікавасць.

– Мы заўсёды імкнемся запрашаць да нас на дыялогавыя пляцоўкі людзей, якіх мы часта бачым на экранах тэлевізараў, у сетцы, але ў жывую гэта ўдаецца рэдка. І гэта важна не толькі для студэнтаў, але і для супрацоўнікаў і выкладчыкаў, якія таксама актыўна зацікавіліся сённяшнім дыскусійным форумам, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна. - Ужо на дадзеным этапе мы абмяркоўваем у большай ступені важнасць Рэферэндуму, бо новы праект Канстытуцыі зацверджаны, зараз засталося толькі аддаць свой голас за лепшую будучыню нашай краіны.

Ірына Фёдараўна адзначыла, што лейтматывам сустрэчы стала пытанне: "Чаму я павінен ісці на Рэферэндум?". Таксама яна падкрэсліла, што ў кожнага павінна быць магчымасць атрымаць экспертную думку па пытаннях, якія дапамогуць зрабіць усвядомлены выбар на будучым Рэферэндуме.

Вадзім Гігін звярнуў увагу на тое, што абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі з моладдзю мае асаблівае значэнне, бо слоган грамадскага абмеркавання: "Канстытуцыя - у будучыню разам". А менавіта маладым людзям трэба будаваць лепшую будучыню нашай краіны.

- Мы назіраем высокі ўзровень грамадзянскай мабілізацыі і патрыятычных сіл Беларусі. І роля моладзі ў гэтых працэсах неацэнная. Маладыя людзі дакладна разумеюць, што ад іх выбару залежыць будучыня краіны, - распавёў Вадзім Гігін. - Прыемна здзівіла, што абмеркаванне прапанаваных зменаў атрымалася аднастайным у плане інтарэсаў грамадзян. Па ўсёй краіне людзей хвалявалі падобныя пытанні, а гэта значыць, што беларусы адзіныя ў сваіх меркаваннях і жаданнях.

Таксама Вадзім Гігін падкрэсліў, што важна мінімізаваць разрыў пакаленняў і навучыцца лепш разумець моладзь. Новы праект Канстытуцыі гэтаму толькі паспрыяе, бо цэлы артыкул у ім прысвечаны менавіта маладому пакаленню.

У сваім выступленні палітолаг спыніўся больш падрабязна на асноўных прапанаваных зменах, расказаў пра іх праз гістарычную прызму, а таксама ўпісаў у кантэкст сучаснасці і растлумачыў, чаму наспела неабходнасць уносіць змены ў Асноўны Закон.

Спікер адказаў на пытанні, якія рушылі ўслед ад удзельнікаў форуму. Яны датычыліся рэлігіі, гістарычнай спадчыны, інстытута сям'і, прэзідэнцкіх тэрмінаў, органаў мясцовага самакіравання.