Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Люты 2022 16:28

З Днём нараджэння, Універсітэт! Запрашаем далучыцца да свята

dr 82Ужо зусім хутка Купалаўскі ўніверсітэт адзначыць свой 82-і дзень нараджэння. Серыя ўрачыстасцяў стартуе 21 лютага. Запрашаем усіх купалаўцаў далучыцца да свята!

Штогод Дзень нараджэння ГрДУ імя Янкі Купалы адзначаецца цёпла і душэўна, але сёлета свята будзе асаблівае, бо летам мы адзначым 140-годдзе з дня нараджэння вялікага беларускага класіка, чыё імя з гонарам носіць наш універсітэт. Таму ўсіх чакае падвойнае свята.

Адкрыецца святочны тыдзень 21 лютага вернісажам выставы "Родныя вобразы", якая размесціцца ў галерэі "Universum". Усіх чакаюць у 11:00. А ўжо ў 11.40 наша alma mater збярэ каля 1000 удзельнікаў на "Купалаўскую дыктоўку", прычым не толькі купалаўцаў, але і школьнікаў і студэнтаў іншых універсітэтаў. Таксама агульную дыктоўку напішуць у Расіі і Кітаі ў рэжыме анлайн. Дарэчы, дыктоўка на беларускай мове – зусім маладая традыцыя, але яна ўжо трывала ўвайшла ў каляндар падзеяў не толькі ГрДУ імя Янкі Купалы.

У 14.00 у чытальнай зале бібліятэкі ў корпусе па вуліцы Ажэшкі, 22 пройдзе флэш-моб “Купалава слова гучыць па ўсім свеце”, дзе творы класіка прагучаць на розных мовах. У Навукова-тэхналагічным парку Дзень нараджэння ўніверсітэта адзначаць прэзентацыяй праектаў пераможцаў адкрытага конкурсу студэнцкіх стартап-ідэй інавацыйнага бізнесу. Мерапрыемства пачнецца а 15-й гадзіне. А ў 17.00 купалаўцы запрашаюцца на інтэлектуальны турнір "Мой універсітэт".

22 лютага таксама пройдуць святочныя мерапрыемствы. У 10.00 у Тэхнапарку пачнецца Хакатон "22022022", а ў галоўным корпусе ў гэты ж час пройдзе адкрыццё фотавыставы "Прымі паклон ад нас, Пясняр!" і пастаянна дзейнай экспазіцыі Музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы.

23 лютага ў рамках праекта “Жывая гісторыя” адбудзецца акцыя “Як я ведаю гісторыю свайго ўніверсітэта?”, прысвечаная Дню заснавання ўніверсітэта. Задаваць пытанні будуць у фае навучальнага корпуса па вуліцы Ажэшкі, 22. Праверце свае веды падчас вялікага перапынку.

У 11.30 у навучальным корпусе па вуліцы Ажэшкі, 22 адбудзецца Пасяджэнне Прэзідыума Асацыяцыі выпускнікоў. У 13.00 ва ўсіх навучальных карпусах пройдзе смачная акцыя "Салодкі пачастунак". У 14.00 адбудзецца Урачысты пашыраны савет калектыва ўніверсітэта, прысвечаны 82-годдзю ўніверсітэта.

З 21 па 23 лютага пройдзе традыцыйны Турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак Рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы.

24 лютага будуць праведзены малебны ў храмах Гродна, прысвечаныя 82-годдзю ўніверсітэта.

Апошнім яркім акордам урачыстай чарады падзей стане фінал XXVI агульнаўніверсітэцкага конкурсу "Alma mater - каханне з першага курса". Далучыцца да яркага шоу запрашаюць у 18.00 у актавай зале навучальнага корпуса па вуліцы Леніна, 32.