Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Студзень 2022 16:41

У ГрДУ імя Янкі Купалы працягваецца абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі

Сёння дыскусійны форум адбыўся на ваенным факультэце, да абмеркавання запрасілі афіцэрскі склад і курсантаў. Спікерамі сталі загадчык кафедры паліталогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар палітычных навук, прафесар Віктар Ватыль і начальнік 2-га аддзела ўпраўлення ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Вячаслаў Храловіч. Таксама ў абмеркаванні прынялі ўдзел прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Вайтка і начальнік ваеннага факультэта палкоўнік Лявонцій Паўлаў.

Як падкрэсліў Віктар Ватыль, абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі ўжо дасягнула пэўнага піка і можна даваць абагульненыя экспертныя заключэнні, рабіць некаторыя высновы. Прафесар адзначыў, што ўсе змены кампазіцыйна можна падзяліць на тры вялікія блокі.

- Першы блок дае выразныя маральныя арыенціры. Асабліва дакладна гэта адлюстравана ў прэамбуле, якой удзяляецца шмат увагі. Так адбываецца таму, што ў ёй падкрэслены перспектывы развіцця беларускага грамадства, - растлумачыў Віктар Мікалаевіч. - Да другога блоку можна аднесці дадатковыя сацыяльныя гарантыі, якія таксама выклікалі жывое абмеркаванне, а ў трэцім - моманты, звязаныя з прапановай па развіцці сістэмы кіравання і народаўладдзя, дзе ў цэнтры ўвагі знаходзіцца Усебеларускі народны сход.

Вячаслаў Храловіч адзначыў неабходнасць захавання гістарычнай памяці і культурнай спадчыны. Гэта неад'емныя складнікі суверэнітэту любой дзяржавы. Асабліва важна, каб у абмеркаванні такіх фундаментальных дзяржаўных пытанняў прымала ўдзел моладзь, бо наперадзе ў яе вялікі шлях даўжынёю ў жыццё.

- Трэба данесці, чаму наогул наспела неабходнасць уносіць змены ў Канстытуцыю і даць магчымасць задаць пытанні. Бо падзеі 2020 года паказалі, што можа адбыцца, калі не размаўляць, не абмяркоўваць, не збірацца за сталом перамоваў, – адзначыў Вячаслаў Храловіч.

 

 

Нагадваем, што дыялогавыя пляцоўкі праходзяць на ўсіх факультэтах і яшчэ дзве з іх адбыліся на пачатку тыдня. Да абмеркавання былі запрошаныя работнікі юрыдычнага факультэта і факультэта біялогіі і экалогіі. Спікерамі на пляцоўцы выступілі прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых і дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава. Таксама да дыскусіі былі запрошаныя работнікі адміністрацыйна-гаспадарчага ўпраўлення, на пытанні якіх адказалі прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Войтка і старшы выкладчык кафедры міжнароднага права Вольга Еўдакіменка.

Рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь пройдзе 27 лютага 2022 года.

Дакументам вызначана фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання, якая даслоўна ўзнаўляецца ў бюлетэні для галасавання: "Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?"

З улікам устаноўленых Выбарчым кодэксам патрабаванняў замацавана абавязковая юрыдычная сіла рашэння, прынятага рэспубліканскім рэферэндумам. Вызначаны парадак уступлення ў сілу такога рашэння - праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.