Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 12 Студзень 2022 16:02

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася дыялогавая пляцоўка, прысвечаная зменам у Канстытуцыю (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

IMG 1185У хуткім часе адбудзецца Рэферэндум, прысвечаны зменам у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Гэтай важнейшай падзеі папярэднічаюць дыялогавыя пляцоўкі, на якіх удзельнікі абмяркоўваюць унесеныя змяненні і іх ролю ў развіцці нашай краіны. Адзін з такіх дыскусійных форумаў адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

 

За круглым сталом сабраліся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Тамара Далгашэй, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, кіраўнікі структурных падраздзяленняў і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта.

Як адзначыў Уладзімір Каранік, вельмі важна пачуць меркаванне і пытанні моладзі наконт змяненняў галоўнага закона дзяржавы. У хуткім часе студэнты скончаць універсітэт і адправяцца на свае працоўныя месцы, і ўжо яны будуць рабіць унёсак у нашу будучыню.

- Унясенне змен у Канстытуцыю - гэта працэс, які вызначае будучыню краіны. Серыя дыялогавых пляцовак дазволіць грамадзянам краіны зрабіць больш свядомы выбар на будучым Рэферэндуме. Наша задача як органаў дзяржкіравання адказаць на ўсе пытанні, якія хвалююць людзей, - падкрэсліў Уладзімір Каранік. – Купалаўскі ўніверсітэт нярэдка становіцца пляцоўкай для абмеркавання найбольш важных дзяржаўных пытанняў, і кожны раз дыялог выходзіць прадуктыўным, паступаюць вострыя пытанні, якія атрымліваюць поўныя адказы. Бо толькі ад нашых сумесных намаганняў залежыць будучыня Беларусі.

Дыялогавая пляцоўка як форма абмеркавання ўжо даўно зарэкамендавала сябе і паказала высокую эфектыўнасць, адзначыла Тамара Далгашэй. Не ўсе добра падкаваныя юрыдычна, часам самастойна разабрацца ў якім-небудзь палітычным пытанні бывае няпроста. Падобныя дыскусійныя форумы даюць магчымасць задаць пытанні напрамую прадстаўнікам улады і знайсці адказы.

- Дыялогавыя пляцоўкі, якія праходзяць па ўсёй краіне, - гэта квінтэсенцыя ведаў і інфармацыі. Людзі актыўна цікавяцца зменамі, найбольш часта задаюць пытанні, якія тычацца сацыяльнай палітыкі, цікавяцца, чаму так востра паўстала тэма гістарычнай памяці, нямала пытанняў узнікае наконт пашырэння паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу, - распавяла Тамара Далгашэй.

Частка прапанаваных змен у Канстытуцыю датычыцца гістарычнай памяці. Напрыклад, раней у галоўным законе краіны не была прапісана важнасць захавання нацыянальнай самабытнасці і захавання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з апорай на духоўныя і культурныя традыцыі.

- Гэты год для беларусаў важны і знамянальны не толькі Рэферэндумам, але і тым, што ён аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. І гэтыя падзеі цесна перапляліся паміж сабой. Новы праект Канстытуцыі яскрава дэманструе ўзаемасувязь паміж тым фундаментам, які быў закладзены раней, і нашай будучыняй. Новы праект захаваў у сабе ўсе асноўныя моманты зыходнага закону і ўвабраў змены, якія дапамогуць беларусам ісці ў нагу з часам, - адзначыла Ірына Кітурка.

Асэнсаваць новы праект Канстытуцыі ў гістарычным ходзе часу дапамагло выступленне дэкана факультэта гісторыі камунікацыі і турызму Віктара Белазаровіча. А зразумець значнасць тых ці іншых зменаў з прававога пункту гледжання дазволіў даклад дэкана юрыдычнага факультэта Святланы Чабуранавай. За выступамі рушылі ўслед пытанні спікерам і жывое абмеркаванне прапанаваных змен у Канстытуцыю.

Гэтая дыялогавая пляцоўка далёка не апошняя, у Купалаўскім універсітэце адбудзецца цэлая серыя дыскусійных форумаў, якія дапамогуць грамадзянам зрабіць усвядомлены выбар на будучым Рэферэндуме.