Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 11 Студзень 2022 16:24

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы сустрэлася з калектывам ААТ "Гродна Азот"

IMG 09782022 год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці і закліканы згуртаваць беларусаў вакол нацыянальнай гісторыі, падкрэсліць важнасць аб'ектыўнай ацэнкі мінулага нашай краіны. Таксама гэты год знамянальны тым, што ў хуткім часе пройдзе Рэферэндум, прысвечаны зменам у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Менавіта пра гэтыя аспекты з калектывам ААТ "Гродна Азот" гаварылі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Кітурка і дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава.

Як адзначыла Ірына Фёдараўна, гістарычная памяць - найважнейшая частка спадчыны любой дзяржавы. Ад яе залежыць існаванне любой нацыі і яе самабытнасць, захаванне культурнага кода.

- Гістарычная памяць не дае сысці ў забыццё нацыі, народу, дзяржаве. Менавіта дзякуючы ёй мы можам перадаваць нашу спадчыну наступным пакаленням, прымнажаючы ўсё, што назапасілі нашы продкі, - падкрэсліла Ірына Кітурка. - Мне пашчасціла пабываць на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы, прысвечанай Году гістарычнай памяці, і размова ішла не проста аб захаванні спадчыны. Узнімалася пытанне фарміравання гістарычнай палітыкі, якая дапаможа адстойваць інтарэсы нашай краіны ў інфармацыйным полі.

Як гісторык Ірына Фёдараўна, акцэнтуючы ўвагу на найбольш важных вехах гісторыі Беларусі, падкрэсліла асаблівае значэнне Года гістарычнай памяці.

Святлана Чабуранава звярнулася да не менш важнай тэмы і выступіла экспертам у пытанні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і будучым Рэферэндуме. Частка з іх якраз датычыцца гістарычнай памяці. Напрыклад, раней у Канстытуцыі не была прапісана важнасць захавання нацыянальнай самабытнасці і захавання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з апорай на духоўныя і культурныя традыцыі. Таксама прапануецца ўнесці артыкул, які будзе замацоўваць забеспячэнне дзяржавай захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным мінулым беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

- Змены закранулі сацыяльную сферу, шэраг зменаў прысвечаны моладзі, удакладнены прававы статус асобы. Важнай часткай зменаў стала дэцэнтралізацыя ўлады і пераразмеркаванне паўнамоцтваў, - распавяла Святлана Ягораўна.