Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Снежань 2021 14:52

У ГрДУ імя Янкі Купалы пачалі працу Каложскія чытанні

IMG 5318Юбілейныя, дзясятыя, Каложскія чытанні сабралі сёлета больш за 400 удзельнікаў. Большасць з іх падключылася да падзеі анлайн. Таксама сёлета стаць часткай чытанняў можа любы ахвочы! Дастаткова далучыцца да анлайн-трансляцыі.

Удзельнікаў канферэнцыі чакаюць насычаныя і плённыя дні, бо ўсе дакладчыкі прапануюць цікавыя вынікі навуковых даследаванняў. Каложскія чытанні - гэта квінтэсенцыя навукі, культуры і рэлігіі. Гэтыя напрамкі выдатна ўзаемадзейнічаюць і дапаўняюць адзін аднаго, бо сіла чалавека ў адзінстве духу і розуму.

Адкрыццё юбілейных чытанняў атрымалася асабліва ўрачыстым. У афлайн-удзельнікаў была ўнікальная магчымасць убачыць на свае вочы рукапіснае Слуцкае Евангелле. Гэта найвялікшая святыня духоўнага свету, якая была страчана ў часы Вялікай Айчыннай вайны, але, на шчасце, была знойдзена ў 2003 годзе. Сюрпрызам таксама стала выступленне хору Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна, які выканаў калядныя спевы.

Як адзначыў Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, Каложскія чытанні - гэта заўсёды вялікае свята. З году ў год тэматычнае поле і геаграфія навукова-духоўнай падзеі пашыраюцца, далучаюцца ўсё больш аднадумцаў.

- Царква заўсёды заклікае да стварэння, міру і асветы. Сённяшнія адукацыйныя чытанні прысвечаны маральным асновам, без якіх немагчыма развіццё паўнацэннага грамадства. На працягу канферэнцыі мы будзем абмяркоўваць праблематыку каштоўнасцяў у сучасным грамадстве, будзем гаварыць аб сям'і і важнасці духоўных традыцый, - распавёў архіепіскап. - Значнай тэмай стане Евангелле і тое, якія перспектывы яно адкрывае для сучаснага чалавека. І мы ўсе вельмі рады, што ўдзельнікі канферэнцыі маюць магчымасць убачыць унікальнае Слуцкае Евангелле.

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній падкрэсліў, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – неверагодна гасцінная пляцоўка, дзе працуюць цудоўнейшыя педагогі, з якімі заўсёды ўдаецца знайсці кропкі судакранання. Архіепіскап таксама адзначыў, што ў Купалаўскім універсітэце цудоўныя студэнты, ад якіх не хочацца сыходзіць. Яны заўсёды ўдумлівыя і задаюць глыбокія пытанні, над якімі даводзіцца добра падумаць.

Несумненна, Каложскія чытанні – гэта свята і для Купалаўскага ўніверсітэта. Як расказала Ірына Кітурка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, каб зрабіць форум больш даступным, была арганізавана анлайн-трансляцыя чытанняў, да якой можа далучыцца любы ахвочы.

- Юбілей Каложскіх чытанняў супаў са шматлікімі значнымі датамі ў гісторыі. У гэтым годзе споўнілася 860 гадоў з дня стварэння Крыжа Ефрасінні Полацкай і 435 гадоў з дня нараджэння святой Сафіі Слуцкай. Чытанні заўсёды праходзяць у цудоўную пару года, у перадкалядны месяц, калі кожны з нас чакае цуда. Ад усёй душы хочацца падзякаваць Гродзенскай епархіі. Наша супрацоўніцтва сапраўды цеснае і плённае, - адзначыла Ірына Фёдараўна.

У рамках чытанняў запланаваны круглы стол "Ці патрэбна рэлігія сучаснаму чалавеку?", маладзёжны дыскусійны пул-ап, педагагічная майстэрня для работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, выстаўка-агляд дзіцячай літаратуры з фондаў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф Карскага і, натуральна, работа секцый.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, абласны інстытут развіцця адукацыі, Гродзенскі музей гісторыі і рэлігіі.