Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Снежань 2021 09:20

Першы прарэктар Astana IT University Серык Амірбаеў наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы

serikКіраўніцтва ГрДУ імя Янкі Купалы і Серык Амірбаеў абмеркавалі вектары супрацоўніцтва і дамовіліся наладзіць сувязь у сферы навуковых даследаванняў і абмену студэнтамі.

 

Першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі падчас прывітальнай прамовы падкрэсліў, што Купалаўскі ўніверсітэт актыўна ўключаецца ў міжнародны дыялог з многімі замежнымі ВНУ і арганізацыямі. Адзін з прыярытэтных напрамкаў работы - развіццё сувязей у галіне акадэмічнага абмену і сумеснай падрыхтоўкі студэнтаў.

Падчас сустрэчы замежнаму госцю расказалі аб структуры ўніверсітэта, спецыяльнасцях і навуковых распрацоўках. Прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Бялых адзначыў, што наш універсітэт заўсёды рады новым міжнародным сувязям. Дэкан факультэта інфарматыкі і матэматыкі Алена Лівак, дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая, дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Генадзь Гачко расказалі больш падрабязна аб дзейнасці факультэтаў і прапанавалі найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. Таксама аб напрамках работы расказалі загадчыца кафедры журналістыкі Іна Мінчук і загадчык кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм Андрэй Праневіч.

У прыватнасці, купалаўцы распавялі аб прагрэсіўных спецыяльнасцях, такіх як "Вэб журналістыка", "Кампутарная бяспека". Дэканы і загадчыкі адзначылі, што ва ўніверсітэце робіцца акцэнт на практыкаарыентаванае навучанне.

У сваю чаргу Серык Амірбаеў расказаў аб прыярытэтных напрамках развіцця Astana IT University. Сярод іх - кампутарныя навукі, праграмная інжынерыя, аналіз вялікіх дадзеных, кібербяспека і многія іншыя. Замежны калега адзначыў, што яму асабліва спадабалася багатая гісторыя ўніверсітэта і тое, што ў Купалаўскай ВНУ шануюць традыцыі. Яшчэ да сустрэчы Серык Амірбаеў паспеў паразмаўляць з дэканамі факультэтаў, а таксама наведаў Навукова-тэхналагічны парк ГрДУ імя Янкі Купалы.