Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 15 Снежань 2015 10:37

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы сталі пераможцамі і прызёрамі X рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «Fest-ART.by»

12728 3У Мінскай гарадской ратушы 10 снежня 2015 года адбылося закрыццё X рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «Fest-ART.by». У інтэрнацыянальным мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за сто студэнтаў з 44 вышэйшых навучальных устаноў краіны, у тым ліку з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Пераможцы і прызёры фестывалю былі ўзнагароджаны дыпломамі ў розных намінацыях.

Па выніках інтэрнэт-галасавання лепшым канцэптуальным аўдыёвізуальным праектам «Гармонія бясконцасці» была прызнана праца студэнта факультэта мастацтваў і дызайну Яўгенія Вінакурава, пераможцай у інтэрактыўнай акцыі «Vade Mecum» стала студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну Лізавета Чакашкіна, якая прадставіла арыгінальныя паштоўкі з выявай сваёй краіны.

У конкурсе інавацыйных праектаў і інфармацыйна-метадычных матэрыялаў «Наш час - ініцыятыва» дыпломам І ступені адзначаны творчы калектыў, у склад якога ўвайшлі дацэнт кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Таццяна Міхайлаўна Прудко, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ганна Станіславаўна Касяноўская, загадчык кафедры рускай мовы як замежнай і лінгвістычных дысцыплін Іна Юр'еўна Самойлава і начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў УВРзМ Алена Станіславаўна Поцька.

У конкурсе відэа-альтэрнатыў «Творчасць як дыялог свету» дыпломам І ступені ўзнагароджаны:

аддзел культурна-масавай і дасугавай дзейнасці УВРзМ ў асобе начальніка аддзела Алены Уладзіміраўны Стэльмах і вядучага інжынера Алексндра Аляксандравіча Аўсейчык;

замежныя студэнты, якія пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў кафедры рускай мовы як замежнай і лінгвістычных дысцыплін факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ў асобе Ліліі Міхайлаўны Шумскай і Таццяна Уладзіміраўны Чаркес, работнікаў Цэнтра па сувязях з грамадскасцю Юліі Аляксандраўны Ліфенцовай і Таццяны Анатольеўны Аначка прадставілі відэаролік, які адлюстроўвае сумесную творчасць студэнцкай моладзі розных краін.

Дыпломам II ступені ў конкурсе відэаінтэрв'ю «20 першых. Пакаленне паспяховых» адзначаны студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Андрэй Саўко, які ў сваёй працы раскрыў паняцце паспяховасці ў сучасным грамадстве і прадставіў спецыфіку атрымання адукацыі замежнымі студэнтамі ў ВНУ нашай краіны.

За ўдзел у рэспубліканскай выставе «Грані творчасці», на якой былі паказаны работы замежных студэнтаў у тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, дыплом ўручылі студэнтцы факультэта мастацтваў і дызайну Чынар Хаджыевай.

Тэатр моды «Уні-Арт» пад кіраўніцтвам Віялеты Андрэеўны Куроўскай ўзнагародзілі дыпломам за актыўны ўдзел у мерапрыемствах фестывалю.

У дзень урачыстага закрыцця фестывалю прайшоў круглы стол, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі сустрэчы сталі начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Віктараўна Котава і начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў УВРзМ Алена Станіславаўна Поцька, якія падзяліліся вопытам праектнай дзейнасці з уцягваннем замежных студэнтаў.

Арганізатары фестывалю стварылі спрыяльныя ўмовы для міжнацыянальных і міжкультурных зносін замежных і беларускіх студэнтаў, аказалі падтрымку моладзі ў рэалізацыі творчых ініцыятыў. Удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнымі асаблівасцямі, традыцыямі і культурамі розных краін.