Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 12 Лістапад 2021 08:52

У ГрДУ імя Янкі Купалы падвялі вынікі восеньскага сезона праекта "PROF-вакацыі"

prof kanikulyДа прафарыентацыйных інтэнсіваў далучыліся старшакласнікі школ Гродзенскай вобласці, а таксама Мінска, Маладзечна, Барысава, Асіповічаў і Стоўбцаў, Баранавічаў, Мазыра, Бялынічаў, Полацка, Оршы і Талачына.

Усе факультэты Купалаўскага ўніверсітэта творча падышлі да рэалізацыі праекта. Арганізоўваліся сустрэчы з дэканамі, загадчыкамі кафедр, студэнтамі, выпускнікамі, былі праведзены займальныя квэсты, квізы, майстар-класы, дзелавыя гульні, батлы. Так, на факультэце эканомікі і кіравання працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі "Мы і эканоміка" і "Гасцёўня ФЭУ", былі праведзены квэсты, інтэлектуальныя гульні і віктарыны. Юрыдычны факультэт прадставіў адкрыццё Восеньскай прававой школы "Юрыдычнае мысленне". Фізіка-тэхнічным факультэтам была праведзена віртуальная экскурсія для школьнікаў і навучэнцаў каледжаў. Прафарыентацыйны квэст "Педагагічны лабірынт" прапанаваў школьнікам педагагічны факультэт. Філалагічны факультэт прыцягнуў увагу патэнцыйных абітурыентаў займальным відэаролікам "Навошта сёння патрэбна філалогія?". Факультэт матэматыкі і інфарматыкі прадставіў вэб-квест "На шляху ў прафесію ў IT", спаборніцтвы па праграмнай распрацоўцы ботаў, канферэнцыю "Ад Альфа да Амега". Навучэнцам на факультэце біялогіі і экалогіі прапанавалі прайсці квіз у акаўнце факультэта ў сацыяльнай сетцы Інстаграм, а пераможцам квіта была абяцана экскурсія па факультэце, уручэнне памятных прызоў, а таксама магчымасць наведвання Школы дакладных навук па хіміі і біялогіі. Майстар-класы па вырашэнні найбольш важных і складаных тэм цэнтралізаванага тэсціравання правялі на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Некаторыя ўдзельнікі праекта "PROF-вакацыі" наведалі практычна ўсе вебінары марафону.

У час восеньскага сезона праекта таксама былі прадстаўлены фрагменты навучальных лекцый, а для абітурыентаў факультэта мастацтваў і дызайну адбыўся прамы эфір у акаўнце кафедры дызайну @diz_grsu сацыяльнай сеткі Instagram. Інжынерна-будаўнічы факультэт правёў майстар-класы "Чарчэнне па-сучаснаму", "3D-мадэляванне", конкурс для абітурыентаў "Ствары дом сваёй мары". Факультэтам інфармацыйных тэхналогій машынабудавання падрыхтаваны відэаролікі, размешчаны штодзённыя пасты і сторысы ў акаўнце факультэта ў сацыяльнай сетцы Instagram.

Факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму на працягу ўсяго восеньскага сезона «PROF-вакацый» правёў шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі штодня, што дазволіла абітурыентам наведаць усе спецыяльнасці, якія іх цікавяць. Факультэт псіхалогіі прадставіў прафарыентацыйнае мерапрыемства "Экскурсія па факультэце", уключыўшы ў праграму сустрэчу з дэканам, кіраўніком псіхолага-кансультатыўнага цэнтра і прадстаўнікамі студэнцкага самакіравання, наведванне фрагмента лекцыйнага занятку, майстар-клас.

Для абітурыентаў, якія не змаглі прыняць удзел у восеньскім сезоне праекта “PROF-вакацыі”, факультэтам фізічнай культуры, напрыклад, на сайце факультэта размешчана спасылка відэа з запісам мінулай відэаканферэнцыі. Некаторыя факультэты ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо анансавалі будучыя прафарыентацыйныя інтэнсівы. Сачыце за навінамі на сайтах універсітэта і факультэтаў, а таксама ў акаўнтах у сацыяльных сетках.

 

photo 2021 11 03 14 39 19